Апытанне “Твайго стылю”: ці пойдзеце на выбары?

Павел, электрык

Так, ведаю што вясной будуць выбары. Ці буду галасаваць, пакуль не вырашыў. Для мяне гэта наогул не прынцыпова. Рашэнне будзе спантанным. Не лічу, што ў палітыцы можна хоць камусьці верыць.

 

Яраслаў Раманчук, эканаміст

Будуць не выбары, а кампанiя, якая скончыцца 23 сакавiка. Галавацаь мае сэнс, калi галасы лiчаць. Гэта не пра нас. Таму нельга планаваць зрабiць тое, чаго няма. Значна лепшая iнвестыцыя часу – у сваю сям’ю, сяброў i вучняў.

 

Уладзімір, офісны работнік

Пра выбары ведаю. Але сэнсу вялікага ісці туды няма. Проста ад гэтага нічога не зменіцца. Не так даўно быў прыклад, як дэпутатка, абраная народам, адказвала на пытанне пра пошліну на аўто. Яны ўсе пляшуць пад дзяржаўную дудку. Няма нічога асабістага. Як і няма сэнсу, будзе там мой крыжык ці не.

 

Аляксандр, перакладчык

Я не іду не выбары, таму што мне гэта не цікава. Я не ведаю кандыдатаў, не ведаю іх праграмы, не ведаю што яны з сябе ўяўляюць і не збіраюся галасаваць за ката ў мяшку. Усё роўна ўсе гэтыя людзі, тым больш на мясцовым узроўні, нічога не вырашаюць. Наўрадці яны будуць адстойваць мае інтарэсы, ну а раз так – то і я не збіраюся нічога рабіць дзеля іх, нават заходзіць на выбарчы ўчастак. Хто хоча, хай галасуе. Я хаджу на выбары тады, калі лічу, што мой голас нешта вырашае.

 

Яраслаў, аўтамеханік

Пра выбары ведаю, успрымаючы іх як шоў сумніўнага зместу. Для таго, каб чакаць ад іх вынікаў, неабходна арганізаваць іх як кампанію ўзгоднена і маштабна, а калі арганізоўваюць іх адміністрацыя і ўласна кандыдаты, то і пераможцаў вызначаць будуць яны. Дзяржаўная дыспазіцыя ў прынцыпе справядлівая і палепшыць яе немагчыма. Такім чынам, чакаць ад выбараў нічога не прыходзіцца.

 

Яўген, журналiст

Пра выбары ведаю і абавязкова пайду галасаваць. Мне цікава, хто будзе вылучацца ў кандыдаты і якім чынам прэзентаваць сябе як патэнцыйнага прадстаўніка маіх інтарэсаў. Калі буду мець вольны час – пайду на сустрэчу з кандыдатамі і пагляджу ім у вочы. Такім чынам і буду галасаваць.

 

Сяргей, студэнт

Так, на выбары пайсці прагаласаваць можна. Але я б пайшоў першапачаткова даведацца больш падрабязна пра кожнага кандыдата, якая праграма ці мэта ў таго ці іншага. Трэба разумець, што большасць з кандыдатаў будзе пад рукой кіраўніка краіны і што ў 99% ніякіх сапраўдных падлікаў галасоў не будзе. Мая думка – ісці варта тады, калі ёсць цікавыя і яскравыя кандыдаты, якія маюць унікальная мэты, калі ж там усе аднабаковыя, то і ісці няма сэнсу.

 

Iгар, гiсторык

Ведаю пра выбары, бо гляджу БТ. Але асабліва не цікаўлюся гэтай выбарчай кампаніяй. Што могуць гэтыя дэпутаты? Што можа тая ж “палатка”? Нічога. Галоўныя выбары будуць у 2015 годзе. А падчас гэтых выбараў я хутчэй за ўсё паеду за мяжу.

 

Cлавiк, грузчык

Нягледзячы на нязначнасць гэтай падзеі – ведаю. Удзельнічаць не збіраюся, таму што агулам у Беларусі выбараў пры Лукашэнку няма і не будзе – іх фальсіфікуюць. Удзел у такім фарсе гэта проста пустая трата часу, а ўсе аргументы аб скарыстанні момантам дзеля таго каб “рабіць справу” ці “ісці ў народ” бэссэнсоўныя, таму што тое ж можна рабіць і не ў час кампаніі ці выбараў.

 

Алесь, журналiст

Не, я не ведаю ні пра якія выбары вясной. Галасаваць пайду толькі калі ў буфеце будзе таннае “Жыгулёўскае” і беляшы.

 

Сяргей, студэнт

Так, ведаю, што будуць праводзіцца выбары. Вядома, планую ісці, таму што лічу, што гэта справа кожнага, схадзіць і паставіць галачку. Ёсць некаторыя хлопцы, якія не разумеюць, навошта ісці галасаваць, маўляюць ўжо даўно ўсё вырашана. Я з імі не згодны, таму што трэба хоць бы паспрабаваць неяк паўплываць. Няхай нават ужо ўсё вырашана, але будзеш хоць ведаць, што ты выканаў тое, дзеля чаго шматлікія б’юцца – нешта памяняць. Перад гэтым планую даведацца пра кожнага кандыдата.