Повар гродзенскага заапарка хацела пагладзіць ільвіцу і засталася без рукі
Хутчэй за ўсё, хацела пагладзіць драпежніцу, але тая ўхапіла повара за руку. Жанчына з крыкамі пабегла да выхаду.
Пра гэта, са спасылкай на дырэктара заапарка Алега Жданкіна, паведамляе “Вячэрні Гродна”.
Супрацоўнікі заапарка выклікалі “Хуткую дапамогу”. Дактары канстатавалі ў 37-гадовай пацярпелай вялікую ўкушаную рану правай рукі. Руку на ўзроўні сярэдняй траціны пляча давялося ампутаваць.
Жанчына таксама атрымала траўматычны шок 2-3 ступені, знаходзіцца ў траўматалагічным аддзялені шпіталя хуткай медыцынскай дапамогі.
Следчы камітэт распачаў праверку па факце здарэння. Паводле сваіх службовых абавязкаў повар не магла карміць драпежнікаў – гэтым займаюцца спецыяльна навучаныя людзі.
У Гродзенскім заапарку ўтрымліваюцца дзьве дарослыя ільвіцы – Пярсея і Саяна. Ад якой з іх пацярпела жанчына адміністрацыя заапарку не ўдакладняе.
Здымак з архіву “Твайго стылю”