Ашмянскі суд прызнаў кнігу Алеся Бяляцкага забароненай

|

Праваабаронца падавала ў суд пазоў з нагоды забароны мытнікаў на ўвоз на тэрыторыю Беларусі кнігі літаратуразнаўчых артыкулаў і эсэ “Асьвечаныя Беларушчынай” Алеся Бяляцкага.

 

Пасля дзвюх “экспертыз” выдання мытнікі запатрабавалі ад Таццяны Равякі рээкспартаваць 40 асобнікаў, канфіскаваныя ў яе на беларуска-літоўскай мяжы, на тэрыторыю Літвы, дзе была выдадзена кніга.

 

10 лютага грамадзянская справа разгледжана ў судзе. Паводле агучанага сёння судовага рашэння, скарга Таццяны Рэвяка не задаволена.  

 

Як распавяла праваабаронца, у судовым рашэнні яна не знайшла нічога ўцямнага і напісала заяву на атрыманне матывацыйнай часткі.

 

Пакуль жа сваю матывацыю суддзя Таццяна Емельяновіч патлумачыла на словах:

Суддзя сказала, што прызнае экспертызы па кнізе непрымальнымі, але прыняла іх да ўвагі як меркаванне спецыялістаў. Рашэнне яна прымала сыходзячы з унутраных перакананняў. У выніку кніга забаронена, – распавяла Таццяна Рэвяка.– Але сам факт, што экспертызы прызнаныя непрымальнымі, вельмі паказальны. Гэта пацвярджае, што Ашмянская мытня парушала закон.

 

На гэтых парушэннях Таццяна Равяка акцэнтавала ўвагу суддзі падчас свайго выступу 10 лютага:

3-га верасня я атрымала чарговае паведамленне з Ашмянскай мытні, дзе ўказвалася, што экспертыза праведзена ЭКСПЕРТНАЙ КАМІСІЯЙ у складзе супрацоўнікаў Гродзенскага ўніверсітета – Ягорычава Уладзіміра і Хілюты Вадзіма.

Хацела б задаць пытанне прадстаўнікам Ашмянскай мытні: “Хто гэтыя людзі ў дадзенай справе? Якім чынам яны тут з’явіліся? Хто ім даручаў правядзенне мытнай экспертызы, калі такім правам надзелены толькі мытныя органы? Хто іх папярэджваў і ці папярэджваў увогуле пра адказнасць за дачу ілжывага заключэння?..

… У прызначэнні і правядзенні экспертызы былі дапушчаны яшчэ шэраг парушэнняў, якія падрабязна выкладзены ў маёй скарзе… Дадзеныя парушэнні былі абскарджаны мной у Дзяржаўным мытным камітэце, адкуль атрымала паведамленне пра даручэнне Ашмянскай мытні правесці паўторную экспертызу.

З вынікамі дадзенай экспертызай я змагла азнаёміцца толькі пасля папярэдняга судовага паседжання, яна таксама была даслана мне з Ашмянскай мытні згодна з маім запытам.


 …На якой падставе выносіцца Ашмянскай мытняй рашэнне аб унясенні кнігі “Асьвечаныя Беларушчынай” у пералік тавараў, да якіх ужываецца забарона ці абмежаванне на ўвоз згодна з Раздзелам 1.3 адпаведнага пераліку? Да якой катэгорыі з пералічаных у дадзеным пераліку (парнаграфічных, экстрэмісцкіх, тэрарыстычных, нацысцкіх ці нейкіх іншых) адносіцца інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў выданні? Я з усёй адказнасцю магу заявіць, што да ніводнай з пералічаных катэгорый кніга Алеся Бяляцкага не адносіцца.


І самае галоўнае: што ў такім выпадку стала падставай для прыняцця рашэння пра рээкспарт кнігі? Адказаў на гэтыя пытанні я так і не атрымала. А яны з’яўляюцца вызначальнымі для прыняцця рашэння па дадзенай справе. І я ўпэўненая, што дапучшаныя парушэнні пры ажыццяўленні экспертыз, а таксама іх высновы робяць іх абсалютна юрыдычна нікчэмнымі і не могуць класціся ў аснову рашэння аб рээкспарце.

 

Юрыст Павел Сапелка, які прадстаўляў інтарэсы Таццяны Равякі ў судзе, паведаміў, што рашэнне суддзі Таццяны Емельяновіч, паколькі з’яўляецца незаконным і неабгрунтаваным, будзе абскарджана ў касацыйным парадку ў Гродзенскім абласным судзе.

 

Паводле spring96.org