Чаму працоўныя бягуць з “карданаў”?
Як стала вядома “Твайму стылю”, гарадзенскі завод карданных валаў перажывае не лепшыя часы. У раёне навагодніх святаў персанал вымушана “гуляў” ажно тры тыдні. Яшчэ перад Новым годам прадпрыемства было пераведзена на чатырохдзёнку, што не магло не адбіцца на заробках супрацоўнікаў.
“Я адпрацаваў на прадпрыемтсве ўжо восем год, – распавядае Яўген, рабочы, – маючы заробак тры мільёны. У студзені мы адпрацавалі 15 дзён замест 20. Адымем чвэрць заробку і атрымаем: 2,25 млн.”
Падобная сітуацыя на заводзе апошні раз назіралася каля пяці год таму: тады людзі працавалі 11 дзён на месяц прыкладна на працягу паловы году.
За апошні год колькасць працоўных скарацілася прыкладна на 200 чалавек. То бок з 950 да 750 калі акругліць. Cтарэйшыя супрацоўнікі трымаюцца за месца і спрабуюць дапрацаваць да пенсіі, маладзейшыя – кідаюць, шукаюць новыя вакансіі альбо выязджаюць за мяжу.
“ …Я зараз шукаю новую працу, у двух месцах не пашанцавала, але будзем шукаць далей,” – прызнаецца Яўген.
Прычыны звальненняў: нізкі заробак і адсутнасць перспектываў – лічыць Анатоль Хацько, які ў свой час ўзначальваў прафкам (ды стачкам) заводу аўтаагрэгатаў:
“Нават дворнік без кваліфікацыі ды з вольным графікам працы мае тыя самыя тры мільёны. Дык навошта вучыцца? Токар-фрэзероўшчык альбо токар-карусельшчык, які раней добра зарабляў, зараз можа разлічваць на нейкія 2,5 млн. Адзінае, што можа зацікавіць моладзь – гэта прадастаўленне інтэрната. Такім чынам, пачынаючы з 1995 года машынабудаўніцтва Гарадзеншчыны згубіла каля 6 000 працоўных месцаў”.
Хацько лічыць падобную сітуацыю мэтанакіраванай палітыкай усходніх суседзяў, якія хацелі б ператварыць наш рэгіён у пункт сэрвіснага абслугоўвання заможных расейцаў. Моладзь працоўных спецыяльнасцяў пры гэтым будзе ехаць на заробкі ў РФ (аб чым сведчаць пастаянныя прапановы працы для адпаведных спецыялістаў у інтэрнэце).
Калі ўлічыць усё вышэйсказанае, узнікае лагічнае пытанне: ці не спатрэбіцца з часам дла адбудовы беларускай эканомікі, якая зараз не можа канкураваць з суседзямі, новы “План Маршала”, які выратаваў разбураную падчас вайны Еўропу? Зразумела, у выглядзе знешніх інвестыцый, бо крыніц для ўнутраных пакуль не назіраецца, а расейскія – праядаюцца бюджэтам, замест таго, каб укладацца ў развіццё.
Пра праблемы гарадзенскага “Белкарда” казалі таксама ў “Контурах” на АНТ (відэа ніжэй).