Ашмянскі вытворца гатовы паставіць у Бразілію кававы напой з ячменю, жыта, цыкорыя і мелісы

|

Карэспандэнт “Белгазеты”: Добры дзень, хацелі б набыць у вас 4 тоны беларускай кавы для экспарту ў Бразілію. У нас ідзе сухагруз ў Венесуэлу, мы б у Бразілію вашу кавы і закінулі.


Як хутка вам трэба? Вы хочаце фасаваную каву ці на вагу?

 

Вельмі хутка – на працягу некалькіх дзён. Фасаваная або на вагу … А як лепш?

 

Проста ў нас ёсць фасаваная кава, ёсць на вагу… А як доўга ў вас ідзе машына?


Куды ідзе машына?

 

Ну, туды – у Бразілію…


У Бразілію машыны не ходзяць – мы па вадзе вашую каву павязем, праз Атлантычны акіян…

 

Праз акіян, так? Справа ў тым, што кавы вышэйшага гатунку ў нас амаль няма ў наяўнасці,затое ёсць нерастваральныя кававыя напоі з цыкорыем, з утрыманнем жыта і ячменю – 4 тоны мы вам набярэм. Рэшткі ў нас такія: кававы напой “Лучистый” у дробнай фасоўцы па 100 г – 1 т, ёсць “Ячменно-любительский” і “Осенний”… Яшчэ ёсць трохі напою з імбірам і “Витаминный”. А вось кавы ў зернях у нас толькі тры мяшкі засталіся – 60 кг,гэта мала вам будзе, напэўна…


А зніжка будзе на 4 тоны?

 

Вядома! Але гэта вы ўжо з дырэктарам пагаворыце. Думаю, 10% зніжкі вы цалкам можаце прасіць.


А гэта якасныя кававыя напоі?

 

Ведаеце, яны на аматара. Можа, “Вітамінавы” паспрабуйце ўзяць – там усё на натуральнай аснове, ніякіх старонніх кампанентаў: чысты ячмень, жыта, цыкорый,меліса … Гэта ўсё наша, беларускае. Напой паляпшае абмен рэчываў, супакойвае… Увогуле, гэта заменнік кавы – хто не можа піць каву, той п’е нашы кававыя напоі.

 

А ваш прагноз – беларуская кава добра пойдзе ў Бразіліі?

 

Цяжка адказаць, мы з такім пытаннем яшчэ не сутыкаліся. Нашы кававыя напоі пасуюць старэйшаму насельніцтву,пенсіянерам, дзецям… Мне здаецца, вам варта пад’ехаць да нас у Ашмяны – усё паглядзіце, мы вам заварым гэтыя напоі, дэгустацыю зробім, пагаворыце з дырэктарам наконт зніжкі. І вы канчаткова з усім вызначыцеся.

 

     
 

На 1 студзеня 2014 г. аб’ём складскіх запасаў прадукцыі ў прамысловасці склаў 70,2% у адносінах да месячнага аб’ёму вытворчасці, хоць па зацверджаным урадам плане павінен быў знізіцца да 60%. У ліку асабліва злосных захавальнікаў гатовай прадукцыі згадваюцца прадпрыемствы Мінбудархітэктуры, “Беллегпрама”, “Беллеспаперапрама”, “Белнафтахіма” і “Белдзяржхарчпрама”.