На летнюю алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанэйра збіраюцца 65 гарадзенскіх спартоўцаў
Зацьверджаны спіс кандыдатаў Гродзенскай вобласці на ўдзел у ХХХI летніх алімпійскіх гульнях, якія пройдуць у 2016 годзе, паведамляе БелТА.
Абласная калегія упраўлення спорту і турызму ўзялася стварыць аптымальныя ўмовы для падрыхтоўкі спартоўцаў, вырашыць побытавыя праблемы кандыдатаў і арганізаваць іх фінансавую падтрымку. Спартоўцаў замацуюць за прадпрыемствамі і арганізацыямі.
Алімпійскія віды спорту на Гарадзеншчыне будуць развіваць у першую чаргу, адзначыў начальнік абласнога упраўлення спорту і турызму Алег Андрэйчык. Неалімпійскім відам у бліжэйшыя гады давядзецца шукаць сродкі на існаванне і развіццё па-за бюджэтам і разлічваць на прыватныя інвестыцыі.
У спіс прыярытэтных трапілі лёгкая атлетыка, кулявая стральба, грэбля на байдарках і каноэ, веласпорт, вольная барацьба, грэка-рымская барацьба, дзюдо і цяжкая атлетыка.
50 лепшых спартоўцаў Гарадзеншчыны ў бліжэйшы час атрымаюць стыпендыі. Паводле рашэння абласнога Савета дэпутатаў, памер стыпендыі – 100 базавых велічынь штомесяц (на сёння 1 базавая складае 130 тысяч рублёў).
У 2013 годзе аблвыканкам выплочваў стыпендыі 40 спартоўцам, яшчэ 20 – гарвыканкам.
Па выніках года спартоўцы Гродзенскай вобласці заваявалі 59 медалёў на міжнародных спаборніцтвах: 15 залатых, 19 срэбных, 25 бронзавых.
Здымак http://saojoaquimonline.com.br