Спевы, папяровы замак і “Дзіксіт” па-беларуску: у “Кубіку” адзначылі Дзень роднай мовы

Некаторыя прыйшлі ў Кубік упершыню, таму з цікавасцю аглядалі палічкі з настольнімі гульнямі і сцяну, дзе былі змешчаны завушніцы з прыродных матэрыялаў, майкі з беларускім арнаментам і магніты з рэцэптамі беларускіх народных страў: усё гэта можна набыць у краме. Некаторыя прыходзілі з дзецьмі, якіх тут жа займалі цікавымі дзіцячымі гульнямі, Некаторыя фатаграфавалі тое, што адбывалася і адразу выкладалі ў Інстаграм.

Уладальнікі Антон і Наста Янкоўскія сустракалі ўсіх кавай, гарбатай і хатнім печывам. Пачаўся вечар са складання папяровага гарадзенскага замка Вітаўта. Тут кожнаму знайшлася справа: госці і гаспадары жвава працавалі нажніцамі і клеем. Найбольш павесяліла ўсіх выява Вітаўта.

Потым Суполка традыцыйнай культуры заспявала беларускія народныя песні, ну а пасля дайшлі і да гульняў – гулялі ў “Дзіксіт” па-беларуску. Сама гульня пабудавана на асацыяцыях. У гэты вечар удзельнікі дамовіліся, што асацыяцыі павінны быць беларускімі: таму загадвалі родную мову, выбары, Гродна.

Мы запыталіся ў Антона Янкоўскага пра тое, дзеля чаго ўвогуле ён ладзіць такія мерапрыемствы:

 

“Для мяне Дзень беларускай мовы любімае і знакавае свята. Нават больш любімае і важнейшае за 23 лютага. Раней адзначалі Дзень мовы з сябрамі за кубкам гарбаты, і зараз, калі з’явіўся “Кубік”, вырашылі ўсіх запрасіць у краму.

 

Першапачаткова зладзілі гэта мерапрыемства дзеля папурызацыі беларускай мовы і культуры. Мы не планавалі арганізоўваць вялізнае мерапрыемства, а наадварот у коле сяброў пагаманіць па-беларуску. Па-другое, хацелася акцэнтаваць увагу, што з’яўляюцца беларускія забаўкі для дзяцей і моладзі: папяровыя замкі, экалагічныя пазлы і “Паўстанцы”. Ды і ў еўрапейскія настольныя гульні можна гуляць па-беларуску”.


Здымкі прадстаўленыя крамай-клубам “Кубік”