“Правінцыя Святога Францішка”: кніга-падарожжа і кніга-сустрэча
Спачатку Данута Янаўна падпісала ўсім запрошаным гасцям кнігі ды падзякавала Аляксандру Рыжаму з выдавецтва “ЮрСаПрынт”, якое выдала кнігу. Па яе словах, у час працы з ім не ўзнікала адмоўных эмоцый, як гэта бывала з іншымі.
Аўтарка папярэдзіла, што ў кніжцы могуць сустракацца ляпсусы: “Усё, што ёсць на паверхні, зрабіў айцец Андрэй Крот, ён жа зрабіў і карэктарскую работу. Але, як кажа суперкарэктар Ліда Камінская, трэба, каб кнігу чытала чалавек пяць, таму што камп’ютарны набор часта падводзіць”.
Айцец Андрэй адзначыў, што рэдагаванне кнігі было для яго нечым незвычайным, бо раней ён нічым падобным не займаўся. Па яго словах, правіць прыйшлося няшмат, ён толькі зрабіў некаторыя заўвагі, з якімі аўтарка згадзілася. Айцец Андрэй ганарыцца тым фактам, што ён быў першым чалавекам, які прачытаў кнігу да канца.
“Час, калі я чытаў кнігу, быў для мяне вельмі напружаным. Я чытаў яе ў трох краінах – у Беларусі, Польшы, Літве, падчас сустрэч са шматлікімі людзьмі. І гэтая кніжка вельмі добра ўпісалася ў той час. Днем я сустракаўся з аднымі людзьмі, старымі і новымі знаёмымі, а вечарам – з героямі кнігі. Таму яна ўспрымаецца мной як кніжка-падарожжа і кніжка-сустрэча”. Кніга сапраўды ахоплівае розныя месцы: Магілеў, Гомель, Гродна, Баранавічы.
У канцы айцец Андрэй выказаў спадзеў, што кожны з прысутных знойдзе ў кнізе нешта для сябе, на што аўтарка адказала, што хутчэй кожны знойдзе нешта пра сябе.
Данута Янаўна працягнула аповед, падзякаваўшы ўсім, хто прысутнічае ў яе кнізе: “Ні адно апавяданне я не надрукавала, не спытаўшы ў вас. Вы мне апавядалі, і я старалася захаваць ваш стыль. І гэта цяжка, выдумляць лягчэй, чым перадаць тое, што гавораць людзі”. Яна расказала пра кожнага, хто прысутнічаў у яе кнізе. Гэта вядомыя паэткі і паэты, мастакі і проста моцныя духам людзі, з якімі сябруе Данута Янаўна. Некаторых з іх ужо няма ў жывых, але яны засталіся жыць у памяці аўтаркі.
Аўтарка раздзяліла кнігу на раздзелы: першая частка змяшчае нарысы пра жанчын, другая – пра мужчын. Таксама кніга змяшчае пераклад драматычнай паэмы Бэрнарда Мэнцаля пра святога Францішка.
Вокладку да кнігі рабіў малады гарадзенскі мастак Уладзімір Пазняк. У канцы прэзентацыі Вольга, гераіня аднаго з нарысаў, зайграла некалькі песень на гітары.
Здымкі Яна Лялевіча