Украінскі кавер-гурт зайграў песні аўстралійскіх класікаў року ў Alpha Centauri
Сапраўды, лепш падараваць каханаму (сябру / бацьку / брату) квіток на канцэрт вядомага кавер-бэнда, чым шкарпэткі ці гель для галення.
Публіка сабралася разнастайная: ад юнакоў ды дзяўчат да сталых людзей, якія прыйшлі ўспомніць маладосць. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, усе тусаваліся на адным узроўні, танцавалі, хорам спявалі. Многія былі ў футболках з сімволікай гурта. Капіруючы сапраўдных зорак, музыканты прымусілі сябе чакаць дзве гадзіны.
Асаблівым энтузіязмам гледачы сустрэлі адну з самых вядомых песень “Back in Black”. Пасля некалькіх песень вакаліст расказаў пра гурт: “Мы існуем ужо два з паловай гады. У мінулым годзе мы праехалі ад Кіева да Уладзівастока, переадолеўшы 25 тысяч кіламетраў і адыгралі 39 канцэртаў за 50 дзён! Цяперашні тур мы пачалі з Беларусі”. Забягаючы наперад, трэба сказаць, што музыканты адмовілі ў інтэрв’ю, таму больш нічога цікавага аб іх даведацца не ўдалося.
Нельга не сказаць пра тое, як нехта з залы нягучна крыкнуў “Слава Украіне!”. “Героям слава!” – паміж рэплікай адказаў яму вакаліст.
Музыканты некалькі разоў віншавалі ўсіх мужчын з надыходзячым Днем абаронцаў Айчыны, падштурхоўвалі прысутных танцаваць яшчэ актыўней, расказвалі цікавыя гісторыі і факты пра AC/DC. Кульмінацыйным момантам канцэрту стаў стрыптыз гітарыста, падчас якога музыканты паказалі, што носяць імёны куміраў блізка да… сэрца.
Трэба адзначыць, што музыканты капіруюць зорак калі не адзін у адзін, дык вельмі блізка. Нават адзенне і прычоскі даволі падобныя да сапраўдных AC/DC.
У канцы AS/DS зайгралі самую вядомую нават не аматарам AC/DC песню “Highway to Hell”, затым яшчэ адну на біс. Пасля музыканты шчодра раздавалі медыятары і ціснулі рукі ўсім, хто іх цягнуў. Пасля канцэрта можна было застацца яшчэ на дыскатэку.