Гарадзенцы сталі радзей звяртацца ў аблвыканкам і мясцовыя органы ўлады

|

У Гродзенскі аблвыканкам за мінулы год трапіла 2 626 зваротаў. За 2011 год іх колькасць зменшылася на 14%, за 2012 – на 3,5%, па выніках 2013 года – яшчэ на 5,6%, паведамляе БелТА.

Радзей цяпер звяртаюцца па пытаннях прамысловасці, камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва і жыллёвых праблемах. Паменела зваротаў, звязаных з бытавым абслугоўваннем, культурай, спортам, законнасцю, навакольным асяроддзем і экалагічнай бяспекай.

 

Затое паболела зваротаў па пытаннях сацыяльнага забеспячэння (з 65 да 101), працы (з 86 да 138), аховы здароўя (з 66 да 97), адукацыі і навукі (з 59 да 74), эканомікі (з 27 да 39).

Павялічылася колькасць пытанняў па назначэнні пенсіі, удакладненні яе памераў, па прадстаўленні дзяржаўнай дапамогі сем’ям з дзецьмі.

 

Найбольш эфектыўнай формай працы са зваротамі ў аблвыканкаме лічаць прамыя тэлефонныя лініі, якіх летась правялі 657. Яшчэ 433 грамадзян кіраўніцтва аблвыканкама выслухала ў час асабістых прыёмаў.


Здымак knews.by