“Гродзенская Троя”: у Старым замку паказваюць мінулае, што стагоддзямі хавалася пад нагамі (фота)

|

Урачыстае адкрыццё “Гродзенскай Троі” адбылося  27 лютага. На ім прысутнічалі археолагі, музейныя супрацоўнікі, студэнты купалаўскага ўніверсітэта і проста зацікаўленыя археалогіяй і неабыякавыя да гісторыі роднага горада людзі. Запрашалі і прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва горада, але ніхто з іх так і не з’явіўся на адкрыцці, нягледзячы на значнасць гэтай падзеі для ўсяго горада.

 

Ва ўступным слове дырэктар музею Юрый Кітурка адзначыў:

 

“Гісторыя наша пачынаецца з археалогіі. У 1932 г. першы дырэктар і заснавальнік нашага музея археолаг Юзаф Ядкоўскі, падобна Генрыху Шліману з яго Трояй, раскапаў на Замкавай гары летапісны Гродна. Мы невыпадкова ўзялі такую назву – “Гродзенская Троя”. Шліманам Троя таксама была знойдзена даволі не па-навуковаму, шмат у чым дапамог энтузіязм. Штосьці падобнае адбылося і ў нас”.

У фондах гродзенскага музея знаходзіцца больш за сорак тысяч прадметаў, назапашаных у выніку археалагічных даследаванняў. На выставе прадстаўлена зусім невялікая іх колькасць – 645 экспанатаў, якія адлюстроўваюць развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры нашых продкаў.

Археалагічныя экспанаты даюць магчымасць гарадзенцам стаць сведкамі паўсталага з зямлі мінулага, якое стагоддзямі хавалася пад іх нагамі.

Гонарам выставы з’яўляюцца вельмі каштоўныя прадметы, большасць з якіх звычайна можна пабачыць толькі ў кніжках па археалогіі Беларусі і гісторыі Гродна. Гэта залаты пярсцёнак з гранатам ХІІІ–ХІV стст., шахматная ладдзя ХІІ ст., фрагмент маёлікавай падлогі Ніжняй царквы, прадметы хрысціянскага культу, знаходкі вайсковага рыштунку і зброі, шматлікія побытавыя рэчы… А таксама першая вядомая графічная выява нашага горада – арыгінальная гравюра “Гродна” з выдання “Civitates Orbis Terrarum” Гогенберга і Браўна 1575 г.

Выстава створана галоўным чынам намаганнямі супрацоўнікаў аддзела археалогіі гродзенскага музея, які прадстаўлялі загадчыца аддзела Наталля Кізюкевіч, навуковыя супрацоўнікі Васіль Герасімчык і Вольга Грышко.

 

“Мы хацелі паказаць, як выглядала “Гродзенская Троя”. Гэта невядомы для ўсіх горад… Самыя цікавыя рэчы былі знойдзены археолагамі падчас раскопак на вуліцы Вялікай Траецкай, на Новым і Старым замках, і падчас апошняга археалагічнага даследавання на Савецкай плошчы. Усё, што ёсць на гэтай выставе, мае вельмі вялікую каштоўнасць”, – адзначыла Наталля Кізюкевіч.

Большасць прадстаўленых матэрыялаў узяты з фондаў музея. Частка з іх была перададзена з універсітэта археолагамі Сяргеем Піваварчыкам і Генадзем Семенчуком.

 

Гродзенскі археолаг і гісторык Генадзь Семянчук:

 

“Я адзін з тых жыхароў горада, хто бывае у шматлікіх экспедыцыях. Што датычыцца Гродна, то пра яго пісалі шматлікія кнігі, у тым ліку і археалагічныя. Але ж прадстаўленая выстава – вось сапраўдны і галоўны сродак візуальнай адукацыі чалавека. Археалогія – самая далікатная, прыгожая і рамантычная навука. Дзякуючу гэтай навуцы мы ўзбагачаем культуру таго месца, дзе мы знаходзімся. Хачу падзякаваць адміністрацыі і супрацоўнікам музея за тое, што яны столькі часу аддалі стварэнню гэтай экспазіцыі, і віншую нас усіх з тым, што гэтая выстава натхніць шмат каго з нас на іншыя подзвігі”.

Высока ацаніў выставу і адзін з самых актыўных папулярызатараў гродзенскай археалогіі і гісторыі Алесь Краўцэвіч. Нават само месца знаходжання экспазіцыі ён назваў унікальным месцам ва ўсёй Еўропе: “На такой малой плошчы – такая вялікая канцэнтрацыя…”.

 

Археалагічнае вывучэнне Гродна працягваецца. Археолагамі даследуюцца новыя аб’екты, памнажаюцца адкрыцці, у час раскопак знаходзяцца шматлікія каштоўныя рэчы. Іх і іншыя вынікі даследаванняў навукоўцаў прадстаўляе ўвазе наведвальнікаў выстава “Гродзенская Троя”.

 

Здымкі Яна Лялевіча