Паэма “Ян і Мар’яна” Святланы Куль: гісторыя беларускіх Рамэа і Джульеты
На сустрэчу прыехалі супрацоўнікі часопіса Тамара Сарочынскіая, Ірына Чарняўская і Віктар Іваноў. На сустрэчу прыйшлі таксама чытачы, калегі аўтаркі, выкладчыкі філалагічнага факультэта, студэнты-філолагі, а таксама студэнты факультэта мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы.
Рэдактар аддзела паэзіі часопіса Ірына Чарняўская трохі прыадчыніла прысутным прафесійную “кухню” падрыхтоўкі рукапісаў да выдання, як у рэдакцыі працуюць з аўтарамі, распавяла пра традыцыі і новыя праекты часопіса.
Сёння жанр паэмы не вельмі папулярны сярод маладых, сучасныя аўтары, як правіла, занятыя пошукам новых формаў і аднаўленнем актуальных, на іх погляд, ідэй. Напэўна, таму, традыцыйныя паэтычныя формы, такія як лірычная паэма, не вельмі папулярная ў сённяшніх паэтаў.
Паколькі я маю непасрэднае дачыненне да публікацыі паэмы “Ян і Мар’яна”, раскажу невялікую перадгісторыю. Трэба прызнаць, што галоўны рэдактар Святлана Дзянісава за час кіраўніцтва часопісам задала пэўную дынаміку і стыль “Маладосці”, аб’яднала вакол сябе аднадумцаў і менш за ўсё нагадвае чалавека, які навязвае ўсім сваё асабістае, аўтарытарнае бачанне канцэпцыі і палітыкі часопіса. Яна выдатна разумее ў якім хутка зменлівым свеце жыве сёння маладое пакаленне аўтараў і чытачоў. Ім вельмі важна быць пачутымі і зразуметымі не заўтра, не ў далёкай будучыні, а менавіта сёння і цяпер.
Хутчэй за ўсё таму часопіс “Маладосць” нагадвае эксперыментальную літаратурную лабараторыю, калектыў рэдакцыі адкрыты да дыялогу і дыскусій, шукае і запрашае на свае старонкі новыя таленты, якія думаюць свежа і нестандартна, як і здараецца толькі ў юныя гады.
Дык вось, атрымаўшы рукапіс паэмы “Ян і Мар’яна”, галоўны рэдактар спачатку стала супраціўляцца, спасылаючыся на яе вялікі аб’ём і занадта класічны варыянт. Галоўнага рэдактара можна зразумець, яна прадстаўляе інтарэсы маладой аўдыторыі чытачоў, але вось як раз рэдактар аддзела паэзіі Ірына Чарняўская і ёсць той самы адчувальны прадстаўнік маладога пакалення, яна і абараніла паэму, вырашыла яе друкаваць, узяўшы пад сваю асабістую адказнасць.
Прыйшлося пайсці на малыя ахвяры, прыціснуць і зрэзаць трохі прозу. Але ўсё скончылася выдатна, перш за ўсё для аўтара паэмы Святланы Куль, прэм’ера паэмы адбылася.
Гісторык па прафесіі, Святлана Куль любіць эпоху беларускага Адраджэння, прадметна ведае ўсе яе трагічныя і светлыя бакі. Але крыху пра сюжэт. Дзеянне паэмы разгортваецца ў канцы ХVII стагоддзя, на тэрыторыі сучаснага Гродзенскага раёна, дзе і сёння захаваліся назвы вёсак Вялікае і Малое Мажэйкава.
Гэта гісторыя пра беларускіх Рамэа і Джульету, пра каханне маладой, багатай, але ўжо двойчы ўдавы Мар’яны і беднага шляхціча, эканома яе маёнтка пана Яна.
Паэму адрознівае ярка выражаны поліфанізм і рознагалоссе. Мы чуем галасы самаго аўтара, галоўных герояў – Мар’яны і Яна, вядзьмаркі, удзельнікаў павятовага сейміка, багатых магнатаў і ўдзельнікаў вясковага вяселля. Ад таго тканіна паэмы такая розная, жывая, вельмі каларытная, у ёй гучыць шмат народных фальклорных матываў. У кожнага асобнага сюжэту свой непаўторны рытм, дынаміка, музычнасць. Толькі паслухайце.
Наезд
Стужкай-змяёй пад капытам дарога
Рэжа заснежаны лес,
Нібы ланцуг за канём маладога
Скача шляхецкі наезд.
Сокалам,
Ястрабам,
Коршукам,
Воранам –
Цені кладуцца на снег,-
Рваць на шматкі ненавіснага ворага!
Хорта шалёнага бег
Грукатам,
Тупатам,
Поклічам,
Цокатам
Рэхам заб’ецца ў начы,
Нібы ў наезд са шляхецкай галотаю
Чорная помста імчыць.
Не дзіўна, што беларускі кампазітар Алена Цярэшчанка напісала оперу, гатова партытура, спадзяюся, хутка адбудзецца прэм’ера спектакля.
Мне здаецца, што ў сучаснай беларускай паэзіі як раз не дастае гістарычнага матэрыялу, так таленавіта аформленага, як робіць гэта Святлана Куль. У яе тэкстах удала спалучаецца паэтычная і гістарычная стыхіі, а гэта вельмі рэдкае ўзаемадзеянне.
Што асабліва ўражвае – гэта багацце мовы, выкарыстанне старадаўніх слоў так арганічна, да месца, што цалкам не пасуе да дзеянняў і вобразаў, а толькі ўзмацняе іх дакладнасць і натуральнасць.
Сама паэтка прызналася, што ёй блізкая па духу філасофская, глыбокая паэзія, а тут нечакана атрымалася вельмі жаночая паэма, поўная драматызму і запалу, лёс падрыхтаваў для двух закаханых цяжкія выпрабаванні.
Асновай для паэмы стаў сюжэт, які распавядаў у сваім артыкуле на старонках “Вячэрняга Гродна” гісторык Сяргей Данскіх. Але паэтка-гісторык дадала і ўласны гістарычны матэрыял. Яна магла скончыць паэму паводле гістарычнай праўды, але напісала, як падказала ёй самой сэрца паэткі.
Сонца сагрэе зямлю,
Прыйдзе пара залатая:
Ноччу купальскай улетку
Вырасце папараць-кветка,
Хтосьці прашэпча “Люблю!”,
Хтосьці адкажа: “Кахаю!”
Парабку ці каралю
Доля шляхі выбірае,
Нават у пышным палацы
Часам гасцюе жабрацтва,
Бо не пачуеш “Люблю!”,
Бо не адкажаш “Кахаю!”.
Зерне ўпадзе на раллю,
Тронкам падымецца ў маі,
Коласам выспее ўвосень,
Так на зямлі павялося:
Дзеці падхопяць – “Люблю!”,
Скажуць унукі – “Кахаю!”
Часам сталічныя выдаўцы і пісьменнікі кажуць аб несталічных аўтарах – правінцыя, маўляў, усё літаратурнае жыццё кіпіць ў Мінску. На мой погляд, Гродна – асаблівы горад, рэзідэнцыя каралёў, са сваёй непаўторнай гісторыяй, тут сцены старадаўніх замкаў і асабнякоў, вуліц і камянёў захоўваюць дух стагоддзяў.
Нашы творчыя людзі – літаратары, архітэктары, мастакі, музыканты цалкам адпавядаюць статусу каралеўскага горада. Пацверджанне таму непараўнальны талент гродзенскай паэткі Святланы Куль.
Паэтычныя здольнасці Святланы Куль прэзентуюць чытачам сталасць майстэрства, неардынарнасць мыслення, вобразную метафарычнасць мовы, вытанчаны мастацкі стыль. Гродзенская паэтка яшчэ ў самым пачатку шляху, ён будзе і далей развівацца, мацнець і радаваць нас, адпавядаючы ўсёй атмасферы нашага старажытнага горада, яго таямніц і загадак, спалучаючы ў сабе навізну, гістарычнасць, незвычайныя сюжэты і такіх жа дзіўных, жыццяздольных герояў, якія сцвярджаюць прыгажосць, хараство, гармонію і радасць жыцця.
Мне хочацца дадаць наступнае – наша жыццё не так багатая на падарункі, асабліва ў літаратуры, але вось мне пашанцавала, я сустрэла таленавітую асобу, за творчасцю якой назіраю і ў меру ўсіх сваіх сіл буду і далей яе падтрымліваць. Гэта вялікае шчасце, дакрануцца да чужой творчасці, якая раскрые для цябе патаемныя старонкі, яна, як гаючая крыніца, напоўніць радасцю і смуткам тваю ўласную душу.