Кватэрнікі ў Гродне: гісторыя і сучаснасць
Класічных кватэрнікаў у Гродне не было
У наш час кватэрнікам называюць ледзь не ўсе вечары з сябрамі-музыкантамі. Між тым, Ігар Леговіч, у ранейшыя часы арганізатар мноства фестываляў, і чалавек, які прысутнічаў у адпаведнай “тусоўцы”, сцвярджае, што ў класічным разуменні кватэрнікі, якія упершыню з’явіліся ў Ленінградзе, гэта канцэрты, якія праводзіліся нелегальна. Калі там арганізаваўся рок-клуб, былі дазволеныя і недазволеныя гурты. Вядома, і адныя, і другія хацелі зарабляць грошы. Афіцыйныя канцэрты забароненым не дазвалялі праводзіць не з-за “зацэнзураных” песен, а таму, што ў Савецкім Саюзе была забаронена індывідуальная прадпрымальніцкая дзейнасць. Каб арганізаваць канцэрт, трэба было перш уладкавацца на працу ў філармонію, што для гэтых музыкантаў было нерэальна. Таму яны ладзілі канцэрт на кватэры, бралі з усіх па “пятаку” за ўваход. “20 чалавек – гэта ўжо 100 рублеў. 100 рублеў – гэта ўжо месячная зарплата”, – адзначае Ігар.
Па словах Ігара Леговіча, класічныя кватэрнікі і тое, што было калісці ў Гродне – гэта зусім розныя рэчы. У Гродне з 1982 года існаваў КСП – Клуб Самадзейнай Песні. Але гэта бардаўская песня, а класічныя ленінградскія кватэрнікі “спецыялізаваліся” менавіта на рок-музыцы. У Гродне ў той час было толькі некалькі рок-гуртаў, якія не былі падпольнымі.
Сярод нашых музыкантаў наўрадці хто здольны сабраць залу
У наш час паняцце кватэрнік набыло сэнс пасядзелак з музыкантамі ўвогуле. Калі браць у такім шырокім паняцці, то кватэрнікі аб’ядноўвалі людзей па інтарэсах. Успамінае Сяргей Фінскі: “Памятаю, першымі і адзінымі кватэрнікамі, на якіх я быў, былі кватэрнікі недзе ў нулявых. Там тварыўся сапраўдны трэш – было шмат алкаголю, і з цягам часу многіх людзей гэта перастала задавальняць. Я ўжо нават і не помню, хто з вядомых артыстаў там граў. Былі нейкія пацешныя расійскія барды”.
Па словах Фінскага, кватэрнікі ў Гродне пачалі з’яўляцца адносна нядаўна, бо раней можна было арэндаваць залу і граць. Музыкант збірае кватэрнік у двух выпадках: калі ён не можа сабраць залу і калі яго музыка спецыфічная і патрабуе іншага фармату. Музыканты трапляюцца розныя: ідэйныя, для каго галоўнае – данесці музыку, і тыя, для каго грошы – таксама важны фактар.
“Сярод нашых музыкантаў наўрадці трапяцца такія, якія здольны сабраць залу. Таму і месцяцца па кватэрніках. Вядомы ўсім Атмараві пачынаў з выступаў у студэнтскіх інтэрнатах. Ён і зараз часам выступае на кватэрніках – ёсць месцы, дзе могуць сабрацца чалавек 80 па дарагіх квітках. І гэта асноўная праблема Гродна – няма месца. Калі б знайшоўся ўладальнік вялікай кватэры або катэджа, было б выдатна”.
Рэклама праз сарафаннае радыё, прыйсці можа кожны
Уладальнікі кватэр, хай не такіх вялікіх, знаходзяцца. Апошнім часам актыўная гарадзенская моладзь збіраецца на музычна-паэтычныя вечары ў кватэры Антона Гарадзенскага. Расказвае арганізатар:
“Пачалося ўсе летам з маленькага выхада на прыроду, дзе выступала Іша. Мне спадабалася атмасфера, якая там была, і людзі, якія прыйшлі на гэтую імпрэзу. Тады я і вырашыў сабраць у сябе нешта падобнае. Збіраю так, каб гэта не надакучвала мне і навакольным. У любы час можа з’явіцца чалавек, які хоча данесці сваю творчасць, і я пайду яму насустрач. Уся інфармацыя ідзе праз сарафаннае радыё, прыйсці можа кожны.
Зараз выношваецца ідэя літаратурных і паэтычных вечароў. Пачатак паклаў выступ Рыгора Гагуа. З больш-менш вядомых музыкаў у меня бывае Ваня Пачывалаў, Саша Гайваронскі, некалькі раз прыходзілі “Чэвенгур”. Таксама бывалі хлопцы з Віцебска, збіраюцца зноў прыехаць. Нам пашанцавала з суседзямі, не было скарг. Але і ў нас усё ў рамках закона і сяброўскіх адносін”.
Замяніць канцэртныя пляцоўкі можа антыкафэ
У апошні час даволі вядомымі арганізатарамі акустычных канцэртаў сталі Таццяна і Павел Салаўёвы. Яны ладзяць і кватэрнікі, і невялікія канцэрты, збіраючы звычайна 20-30, максімум 50 чалавек. Iнфармацыя пра кватэрнікі ідзе ў інтэрнэце і па сарафанным радыё. Таму, як зазначаюць арганізатары, ведаюць аб гэтым не ўсе. Але на канцэрт можа прыйсці кожны, не толькі сябар ці добры знаёмы арганізатараў.
Па словах Паўла Салаўёва, найбольш кватэрнікі развіты ў Мінску і Гомелі. Між тым, назіраецца агульная тэндэнцыя – выхад з кватэр у больш-менш прыдатныя залы, павелічэнне аўдыторыі. У Мінску гэта пляцоўкі тыпу Арт-сядзібы, рок-бара “Крылы”. У Гомелі гэта бар, які так і называецца – “Квартирник”, дзе могуць сабрацца чалавек 50-60.
І Сяргей Фінскі, і Павел Салаўёў адзначылі, што ў Гродне няма пляцовак для падобных канцэртаў. Але добрай заменай можа стаць антыкавярня “Жывы час”. Там ужо прайшоў канцэрт Івана Пачывалава. Магчыма, хутка адбудуцца новыя канцэрты. Таксама ўжо некалькі месяцаў радуе акустычнымі вечарамі рэстаран “Тапаз”. Некаторыя выступы – больш “афiцыйныя” – Салаўёвы ладзяць у Музеі гісторыі рэлігіі.
Алкаголь на іх вечарах пад забаронай. “Мы ўсе тут ужо дарослыя людзі, – тлумачыць Павел Салаўёў. – Рок – гэта не наша тэматыка. Кватэрнікі мы пачалі не ад добрага жыцця. Самы першы канцэрт адбыўся пасля фестывалю Зялены Гран-пры, на якім перамог аўтар з Калінінграда Алег Нікалаеў. Мы вырашылі, што ён павінен сыграць яшчэ. Так і прайшоў першы канцэрт – было чалавек 11. Усё пачалося з сяброўскіх вечароў дзесьці ў 2009 годзе. Мы рабілі гэта 3-4 разы на год, а зараз, шчыра кажучы, мы стаміліся”.
Смяротны метал дазваляюць, а заклікі да сонца і лета палічылі небяспечнымі
Між тым, пасля адмовы ў выдачы канцэртнага пасведчання Дзмітрыю Іванову з Адзіс-Абебы, некаторыя музыканты захваляваліся, што давядзецца ўвогуле перайсці на толькі кватэрныя выступы. Фёдар Жывалеўскі (на фота ніжэй), лідар гурта “Голая Манашка”, разважае: “Нейкі смяротны метал дазваляюць граць у клубах. А вось Дзіму Іванова з заклікамі да сонца, лета і кахання палічылі небяспэчным для грамадскай маральнасці. І я нават дагэтуль не магу быць упэўнены, што змагу абыйсці гэты шаблон – пагроза грамадскай маральнасці. А вось кватэрны выступ так проста ўжо ніхто не забароніць”.
На кватэрніках збіраюцца не толькі музыкі. Калісьці даволі шырока арганізоўваліся паэтычныя кватэрнікі. Для кагосьці гэта дагэтуль добры спосаб зарабіць грошы. Днепрапятроўскі паэт Дзмітрый Алейнік прызнаецца, што апошні год жыве фактычна за кошт выступаў.
Бывае, што кватэрнікі становяцца яшчэ адной нагодай прачытаць вершы і пазнаёміцца за кубкам гарбаты з ініцыятыўнымі і актыўнымі людзьмі. Паэт Віталь Рыжкоў расказвае: “Так атрымалася, што мой уласны шлях як выступоўцы не пачынаўся з кватэрнікаў: найперш у маім жыцці былі літаратурныя конкурсы, фестывалі і канцэрты, дзе я і пазнаёміўся з вядомымі паэтамі свайго пакалення, арганізатарамі мерапрыемстваў і сваімі будучымі чытачамі”.
“Для больш-менш вядомых паэтаў кватэрнікі страцілі сэнс, бо яны часцей выступаюць на адкрытых пляцоўках, іх лягчэй пабачыць і пачуць. Альбо кватэр-супольнасці не адчуваюць патрэбы з імі пазнаёміцца бліжэй, без “барыкады” сцэны. Альбо саромеюцца запрасіць выступіць для 15-20 чалавек, – разважае паэт. – У свой час у маім родным Магілёве была дастаткова актыўная тусоўка, згуртаваная вакол любові да року, і заадно да літаратуры. Там я ў асноўным і трапляў на нейкія кватэрнікі са змяшаным складам удзельнікаў. Наяўнасць такой тусоўкі і вызначае развітасць кватэрнікаў у любым горадзе. Ну і плюс тусоўка мусіць быць свежая, не пасвараная і не пераспаная міжсобку – з энергіяй на арганізатарскую актыўнасць”.
Віталь Рыжкоў
Кватэрнікі – спадчына дысідэнцтва
Віталю даводзілася, ужо пазней, пару разоў выступаць на кватэрніках і ў Мінску, але, на яго думку, іх нячаста ладзяць у сталіцы, бо хапае канцэртаў. “Кватэрнікі як з’ява ёсць спадчынай дэсідэнцтва, альбо ў шырокім сэнсе – схільнасці да іншага мыслення, нонканфармізму, адказам на немагчымасць зладзіць сустрэчу з творцам афіцыйна, што і ў сённяшні час не губляе актуальнасці. У гэтым сэнсе з’ява ўсё ж ёсць атавізмам на сённяшні час, калі пакласці руку на сэрца”.
Тым не менш, для Рыжкова фармат мае свае відавочныя перавагі: такія сустрэчы нясуць аўру асаблівай душэўнасці і еднасці публікі з выступоўцам. Віталь лічыць, што часта такое згуртаванне людзей, наведвальнікаў кватэрнікаў, бывае цікавейшым за выступоўцаў, бо менавіта яны вызначаюць, каго ім слухаць цяпер, а каго запрасіць наступным. “Такі сабе калектыўны арганізатар і ўдзячная публіка адначасова”, – падсумоўвае Віталь.
Кватэрнікі не страчваюць актуальнасці. Бо дзе яшчэ ты можаш паспрачацца з даволі вядомым музыкай пра тое, хто забіў Кабэйна, дзе яшчэ ты можаш выпіць з ім піва, дзе яшчэ можна пачуць ад яго, што штосьці не так. Якімі б яны не былі, іх атмасфера застаецца душэўнай і своеасаблівай.
Загалоўная ілюстрацыя – Марына Дземчанка, vremyakultury.ru
Здымкі з архіву “Твайго стылю”, а таксама grodno.in і старонкі Паўла Салаўёва Укантакце