Кнігу “Скідзель і яго выколіцы: жывая гісторыя” выдалі за грошы цукровага заводу

Кніга пабачыла свет у мінскім выдавецтве “Тэхналогія”. Спонсарам стаў Скідзельскі цукровы завод. Выданне ўжо паспелі прэзентаваць у Мінску – прэзентацыя прайшла 5 сакавіка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі.

 

Сяргей Токць стаў аўтарам першых трох раздзелаў – “Эпоха Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай”, “У Ра­сійскай імперыі” і “У міжваеннай польскай дзяржаве”, а Мікалай Дзелянкоўскі напісаў раздзел “Край змагароў, край паэтаў” і падраздзел “Лёс прадпрымальнікаў Скідзельскіх”.

 

Аўтары намагаліся паказаць у тэксце як мага больш “жывой гісторыі”, штодзённага жыцця звычайных людзей, якіх традыцыйна абмінаюць у навуковых працах. Гэтак у тэксце шмат звычайных жыццёвых гісторый, можна даведацца, як звалі сялан або габрэяў-рамеснікаў, хто кіраваў у Скідзелі і г.д.

 

Выданне адметнае прыгожай цвёрдай вокладкай і прыстойнай паліграфіяй. Паколькі сканчаецца яно сярэдзінай ХХ стагоддзя, у прадмове аўтары абяцаюць працягнуць даследаванне і напісаць кнігу пра найноўшую гісторыю Скідзеля і ваколіц.

 

Варта адзначыць, што аўтары ўжо перасякаліся ў папярэднім значным выданні прысвечаным гісторыі Скідзеля – выдадзенай у 2008 годзе кнізе “Скідзель. 500 год гісторыі”.