Іна Соркіна стала лаўрэаткай Узнагароды імя Льва Сапегі
Узнагароду імя Льва Сапегі заснавалі ў 2006 годзе Студыюм Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта і Калегіюм Усходняй Еўропы ў Вроцлаве. Яе падтрымлівае шэраг значных польскіх універсітэтаў: Варшаўскі, Вроцлаўскі, Беластоцкі і Ягелонскі ўніверсітэты, а таксама Універсітэт Адама Міцкевіча ў Познані.
Узнагарода ўяўляе сабой магчымасць цягам акадэмічнага году наведаць па чарзе універсітэты з лекцыямі для польскіх студэнтаў на тэму гісторыі або сучаснасці Беларусі. Акрамя таго, лаўрэат мае магчымасць праводзіць уласныя даследванні, дзякуючы доступу ў найбуйнейшыя акадэмічныя біліятэкі Польшчы. Калі ў выніку лаўрэат напіша кнігу – яна будзе выдадзена.
Мэта ўзнагароды – адзначыць выбітныя дасягненні грамадзян Беларусі ў фармаванні і развіцці грамадзянскай супольнасці краіны, пабудове незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі ў лепшых традыцыях Рэчы Паспалітай.
У папярэднія гады лаўрэатамі Узнагароды імя Льва Сапегі станавіліся: гісторык Валянцін Голубеў (2006), літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч (2007), гарадзенскі гісторык Сяргей Токць (2008), Аляксандр Жлутка (2009), Уладзімір Ляхоўскі (2010), Андрэй Ляховіч (2011), Алесь Лагвінец (2012), Пётр Рудкоўскі (2013).