Гарадзенскі “Нёман” мацнейшы за “Металург” у першых дзвюх сустрэчах паўфіналу

|

У першым матчы ўжо пасля другога перыяду стала зразумела, што перамогу “Нёман” не ўпусціць. На працягу двух перыядаў гарадзенцы забілі пяць шайб, “ваўкам” атрымалася адыграць толькі дзве, у канцоўцы другога і ў пачатку трэцяга. Выніковы лік матчу 5:2.

“Нёман” – “Металург” – 5:2 (1:0, 4:1, 0:1)

 

Шайбы закідвалі:

1:0 Сяргей Маляўка (большасць) (Андрэй Коршунаў) 0:32

2:0 Зміцер Панцыраў (Аляксандр Коўшык, Іван Мядзел) 27:12

3:0 Вячаслаў Лісічкін (Аляксей Бадун, Павел Баярчук) 27:31

4:0 Яўген Лісавец (Павел Баярчук) 29:20

5:0 Павел Баярчук (большасць) (Віктар Андрушчанка) 37:01

5:1 Ягор Ягораў (большасць) (Мікіта Осіпаў, Цімафей Філін) 39:37

5:2 Віталь Марчанка (большасць 2) ( Аляксандр Радзінскі) 40:39

 

Пасля матчу Сяргей Пушкоў падзякаваў сваёй камандзе за добры хакей:

“Лічу, што мы вельмі добра правялі першыя два перыяды, цалкам вялі гульню, забілі вельмі добрыя галы, рэалізацыя была сёння вельмі добрай. А выдаленні, якія пайшлі ў канцы другога перыяду, вядома, усё сапсавалі ў трэцім. Ён быў прайграны, што, вядома, не вельмі добра. Гульню трэба было даводзіць да канца, дзейнічаць больш упэўнена, не даваць шанцаў суперніку нешта адчуць. Але сёння толькі першая гульня, яшчэ шмат матчаў наперадзе”.

 

На наступны дзень другі матч пачаўся з яркага перфоманса гарадзенскіх заўзятараў, які ў наступстве надаў яшчэ больш сіл і аптымізму хакеістам “Нёмана”.

Сустрэча прайшла ў такім жа духу як і першая, толькі было менш дзеяння. У першым перыядзе хакеісты “Нёмана” вызначыліся двойчы (Мядзел і А. Усенка). Варта адзначыць, што пачатак застаўся за “Металургам”, вось толькі не атрымалася “ваўкам” вызначыцца, ужо ў наступстве гарадзенскія хакеісты прыбралі сабе ініцыятыву і выйшлі наперад. У другім перыядзе хакеісты абмяняліся шайбамі (Елісеенка і Крыстэк). У трэцім перыядзе гледачы шайбаў не ўбачылі. Выніковы лік сустрэчы 3:1 на карысць “Нёмана”.

“Нёман” – “Металург” – 3:1 (2:0, 1:1, 0:0)

 

Шайбы закідвалі:

1:0 Іван Мядзел (Уладзімір Міхайлаў, Павел Баярчук) 13:03

2:0 Аляксандр Усенка (большасць) (Яраслаў Крыстэк, Сяргей Маляўка) 14:31

2:1 Антон Елісеенка (большасць 2) (Аляксандр Радзінскі, Мікіта Восіпаў) 23:22

3:1 Яраслаў Крыстэк (большасць) (Сяргей Маляўка) 36:28

 

Зноў задаволены Сяргей Пушкоў падзякаваў гульцам і заўзятарам, якія горача сустрэлі каманду. І паабяцаў, што “Нёман” працягне радаваць гледачоў такой жа добрай гульнёй.

 

“Задаволены гульнёй, якую хлопцы паказваюць ужо другі матч. Першыя хвілін пяць госці пераўзыходзілі нас сваёй актыўнасцю, але потым хлопцы ўвайшлі ў гульню і вельмі нядрэнна гулялі ў атацы, стваралі моманты. Адзінае, што непакоіць – ужо другі раз запар гульня ламаецца пасля неапраўданых выдаленняў. Ствараем самі сабе складанасці.Хацелася б падзякаваць гледачам за гарачую падтрымку, якую яны аказваюць. Цяпер едзем у госці. У выязных матчах мы будзем гуляць гэтаксама. Абодва матчы, якія мы правялі зараз, паказалі, што ў нас ёсць патрэбны баланс паміж атакай і абаронай”.

 

Лік у серыі 2:0 на карысць “Нёмана”. Наступныя сустрэчы плэй-оф пройдуць у Жлобіне 18-19 сакавіка.

 

Здымкі hcneman.by