У журналісцкім конкурсе “Твой стыль” дадаліся спецнамінацыі
Пераможцы конкурсу будуць узнагароджаныя каштоўнымі прызамі і дыпломамі падчас урачыстай цырымоніі ў заключны дзень IV Фестывалю моладзевай журналістыкі “Твой стыль”, які пройдзе ў Гродне з 16 па 18 мая 2014 г.
Падрабязныя ўмовы конкурсу і пералік асноўных намінацый чытай тут. | ||
Спецыяльныя намінацыі, заснаваныя партнёрамі Фестывалю:
1. “Вольнае мысленне”
Заснавальнік намінацыі – Праграма “Лятучы Універсітэт”.
Да ўдзелу ў конкурсе ў межах гэтай намінацыі запрашаюцца аўтары артыкулаў, прысвечаных праявам і ўмовам развіцця вольнага, крытычнага мыслення ў Беларусі (выбітным асобам, ідэям і думкам, даследаванням, акадэмічным свабодам).
Узнагарода: Збор кніг ад чальцоў калегіўма Лятучага універсітэта, удзел у традыцыйнай Летняй школе Лятучага.
2. “За прасоўванне гуманнага стаўлення да жывёлаў-кампаньёнаў”
Заснавальнік намінацыі – каманда блогу “Месца пад сонцам”
У межах намінацыі будзе вызначаны лепшы матэрыял (артыкул, відэа- ці аўдыё-матэрыял), які звяртае ўвагу на праблему жорсткага абыходжання з жывёламі-кампаньёнамі, неразвітае заканадаўства, недасканалую культуру стаўлення грамадства да жывёлаў ды іншыя фактары, якія адмоўна адбіваюцца на абыходжанні з вернымі сябрамі чалавека, альбо матэрыял, які заахвочвае дапамагаць жывёлам-кампаньёнам.
Узнагарода: статуэтка “Добрае сэрца” і практычны падарунак ад арганізацыі.
3. “Чацьвертая ўлада”
Заснавальнік намінацыі – тэлеканал “Белсат”
Па выніках конкурсу ў гэтай намінацыі будзе вызначаны лепшы рэпартаж (пажадана са здымкамі), у якім адлюстроўваюцца эфекты працы “чацвёртай улады”: што і якім чынам здолелі змяніць журналісты дзякуючы сваёй працы. Мэта матэрыяла: нагадаць, што журналісты асвятляюць праблемы і падзеі, каб змяняць рэчаіснасць, а не проста канстатаваць яе.
Памер матэрыяла не павінен перавышаць 2 старонкі.
Узнагарода: 2-тыднёвая стажыроўка ў варшаўскай рэдакцыі Белсата (адзін тыдзень у рэдакцыі тэленавінаў, другі – ў інтэрнэт-рэдакцыі) у перыяд з чэрвеня да жніўня 2014 г.
4. “Адпачываем па-беларуску”
Крама-клуб настольных гульняў “Кубік”
У межах намінацыі будзе вызначаны лепшы фотарэпартаж (фотаздымкі з кароткім тэкставым апісаннем) пра цікавы адпачынак сучаснага беларуса. Аўтар матэрыяла павінен вылучыць беларускую адметнаць: чаму менавіта такі від адпачынку цікавы для беларуса?
Узнагарода: Набор беларускіх гульняў і цацак.
5. ”Лепшы матэрыял, прысвечаны сферы нефармальнай адукацыі”
Заснавальнік намінацыі – Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы (www.adukatar.net)
Да ўдзелу ў конкурсе ў межах гэтай намінацыі запрашаюцца аўтары матэрыялаў, якія адлюстроўваюць важныя пытанні развіцця сферы нефармальнай адукацыі (тэндэнцыі, праблемы, поспехі ў гэтай сферы), паказваюць ролю адукацыйных і асветніцкіх арганізацый у развіцці грамадства, павышэнні якасці жыцця.
6. “Залатыя людзі залатога веку”
Заснавальнік – “Універсітэт Залатога Веку” (праграма ГА “Цэнтр “Трэці сектар”, www.uzv.by)
У намінацыю прымаюцца журналісцкія матэрыялы, якія дэманструюць актыўную жыццёвую пазіцыю сталых людзей, якія выйшлі на пенсію, але не згубілі жыццёвага аптымізму і сваім прыкладам паказваюць, што жыццё на пенсіі ніяк не сканчаецца і што ў сталым ўзросце можна развівацца, спасцігаць свет, быць карысным грамадству
Да разгляду прымаюцца матэрыялы ў розных фарматах – рэпартажы, артыкулы, інтэрв’ю, фота, відэа і інш.
Пераможца атрымае унікальны,зроблены рукамі навучэнцаў УЗВ, падарунак і будзе запрошаны на ўдзел у навучальным візіце ў Вроцлаў (Польшча) у першай палове 2015 г.
7. “Тваё права”
Заснавальнік намінацыі – Беларускі Дом правоў чалавека
У межах намінацыі будзе вызначаны лепшы матэрыял, які асвятляе тэму правоў чалавека.
Узнагарода: паездка ў Вільню на 2 дні з пражываннем у ДПЧ
8. “Грамадзянская журналістыка : Лепшы блог”
Заснавальнік намінацыі – некамерцыйная платформа Talaka.by
У гэтай намінацыі будуць разглядацца беларускія блогі, якія вядуцца па законах СМІ: маюць сваю тэматыку, канцэпцыю, асвятляюць сацыяльна значныя падзеі, публікуюць мясцовыя навіны і рэпартажы (якія блогер стварае самастойна, а не метадам рэпублікацый), праводзяць інтэрв’ю, робяць расследаванні. Важнай умовай з’яўляецца беларускі кантэкст – матэрыялы павінны рыхтавацца для беларускай мэтавай аўдыторыі, альбо пра Беларусь для любой аўдыторыі.
Мэта намінацыі – развіццё грамадзянскай журналістыкі, стварэнне альтэрнатыўных крыніц дакладнай інфармацыі з месцаў.
Узнагарода: тэхнічны дэвайс-сябар журналіста
9. “Лепшае журналiсцкае расследаванне”
Заснавальнік намінацыі – некамерцыйная платформа Talaka.by
Конкурс на лепшае расследаванне, праведзенае журналістам для высвятлення ісціны. Ацэньвацца будзе: маштаб расследавання, актуальнасць тэмы, уплыў вынікаў расследавання на органы ўлады і грамадскае жыццё.
Узнагарода: тэхнічны дэвайс-сябар журналіста
10. “Людзі і межы: ад падзеленай вёскі да падзеленай Еўропы”.
Заснавальнік намінацыі – кампанія “У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!”
Адзначаны будзе лепшы журналісцкі матэрыял, прысвечаны праблеме чалавечай мабільнасці, межаў і адносін паміж беларусамі і людзьмі па іншы бок мяжы. Матэрыял можа быць на любым стандартным носьбіце і ў любым жанры.
У фокусе матэрыялу можа апынуцца як лакальная праблема маленькай вёсачкі, падзеленай паміж краінамі, але змацаванай супольнай гісторыяй, чалавечымі адносінамі і імкненнем пераадолець межы, гэтак і глабальная праблема існавання нярэдка непераадольных дзяржаўных і ментальных межаў у сучаснай Еўропе, якія часам характарызуюць як новую жалезную заслону.
Узнагарода: фірмовыя рэчы ад кампаніі “У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!” з лагатыпам кампаніі, зробленыя адмыслова для конкурсу.
У час правядзення конкурса могуць з’явіцца дадатковыя намінацыі, заснаваныя нашымі партнёрамі. Сачыце за нашай конкурснай старонкай.
Здымак Tarantino, budzma.by