Гарадзенскі калекцыянер замовіў узлом электроннай пошты канкурэнта
Мужчына праз адмысловы сайт звярнуўся да хакера і атрымаў доступ да чужой пошты, паведамляе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Пацярпелы выпадкова знайшоў на сваёй скрыні перапіску хакера з замоўнікам злачынства і звярнуўся ў міліцыю.
На пошце пацярпелага захоўвалася шмат эксклюзіўнай інфармацыі, звязанай з яго дзейнасцю: дадзеныя замежных калекцыянераў, копіі старажытных мап і коды доступу да інфармацыйных рэсурсаў для пошуку калекцыйных прадметаў.
Спецыялісты аддзела “К” УУС Гродзенскага аблвыканкама знайшлі доказы ўзлому паштовага акаўнта пацярпелага.
У дадзеным выпадку злаўмыснік скарыстаў дастаткова просты метад пад назвай “фішынг”.
Ахвяра атрымлівае лісты нібыта ад адміністрацыі сайта з просьбай перайсці па спасылцы. На ідэнтычным па афармленні паштоваму сэрвісу сайце ахвяра ўводзіць свае дадзеныя і такім чынам добраахвотна аддае іх у рукі злачынцаў.
Здымак http://www.internetua.com