Бардаўская песня ў Гродне: ад “Панарамы” да “Клуба неарганізаваных бардаў”
З акустычнымі канцэртымі неразрыўна звязана паняцце бардаўскай (аўтарскай, паэтычнай) песні. Па словах Анатоля Кардабнева, які з’яўляецца адным з арганізатараў КСП – Клуба самадзейнай песні “Панарама”, рух у Гродне зарадзіўся ў 1981-82 годзе.
“Калі я прыйшоў у ВНУ, то зразумеў, што ёсць вялікая колькасць аматараў гітарнай песні. Яны фарміраваліся ў асноўным сярод турыстаў-паходнікаў. Пераважалі песні, напісаныя Візбарам, Нікіціным, Гарадніцкім. Калі пры ўніверсітэце арганізавалі КСП, ён аб’яднаў усе разрозненыя групоўкі. Цяпер зусім іншы час, цяжка зразумець, што гэта было, бо было зусім іншае інфармацыйная і музычная прастора. Тады выбіраць можна было паміж Лешчанкам, Пугачовай і Кабзонам. Калі б гэта стваралася зараз, было б зусім па-іншаму. А тады гэта быў модны і распаўсюджаны песенны рух”.
Пра гісторыю і сучаснасць кватэрнікаў у Гродне чытай тут або слухай у архіве Радыё “Твой стыль” | ||
У КСП было некалькі прыярытэтных напрамкаў. Першы – прапаганда бардаўскай песні. Другі – прасоўванне ўласных артыстаў. Удзельнікі КСП рабілі літаратурна-музычныя вечары, ладзілі сустрэчы клубаў, кватэрнікі.
“Часам людзі проста прыходзілі ў наш пакойчык і вучыліся граць на гітары. Праходзіў абмен песнямі, павышэнне ўзроўня. Праз пэўны час давалі “салянкі” – зборныя канцэрты, дзе кожны паказвае тое, што атрымліваецца – звычайна, восенню”, – зазначае Анатоль.
Яшчэ адным напрамкам былі “шэфскія” канцэрты, калі КСП запрашалі некуды выступіць. “У пагранчастку, у школу…” – пералічвае Анатоль. – “Мы ўсюды ездзілі, ніколі не адказвалі. Штосьці мы ладзілі разам з Палацам піянераў”. Таксама КСП рабілі конкурсы аўтарскай песні, у ходзе якіх ажыццяўлялі пошук маладых выканаўцаў.
“У нас увогуле вельмі добрая свая школа з’явілася. Таццяна Варанчыхіна зараз працуе ў ленінградскім мюзікле. Віктар Неўдах – цудоўны выканаўца. Вось ён прыехаў да нас “гатовенькі” – у Мінску быў моцны клуб “Ветразь”. А кагосьці мы з нуля “расцілі”. Былі сваркі, была і канкурэнцыя. Але гэта толькі таму, што ўсе цягнулася шмат гадоў”.
Увогуле ў КСП было некалькі творчых груповак, але цэнтральным усё роўна заставаўся КСП “Панарама” (на фота – у 1985). Клуб “Панарама” выйшаў праз паўтары гады ў Палац культуры хімікаў, які быў пры “Азоце”. “Азот” шмат дапамагаў ім, хаця гэта была для іх страта як матэрыяльных, так і людскіх рэсурсаў.
Зялёны Гран-пры 1983
Шмат праектаў КСП праводзіў на прыродзе. Самы вядомы – Зялёны Гран-пры, які ў 2012 годзе адзначыў свае 30-годдзе. Сярод усіх беларускіх музычных праектаў не знойдзецца такога “доўгажыхара”. Тады Зялёны Гран-пры, акрамя турыстычных злетаў, быў адзіным буйным мерапрыемствам у песенным жанры, на які прыязджалі і прыязджаюць людзі з усёй Беларусі.
Між тым, такі вялікі фестываль ніколі не патрабаваў вялікіх грошай. “Мы ніколі не прыпісваліся ні да якіх структур. Дапамагалі выхадцы з КСП і аматары. Спачатку Палац культуры хімікаў усё арганізоўваў сам: ад пражэктароў і тэхнікаў да аўтобусаў і афіш. Тыраж афіш тады быў дзве тысячы на горад, гэта ў час, калі не было нават каляровых прынтараў! Зараз і 100 штук хапае, а тады мы не разменьваліся на дробязі, рабілі адразу 2000. Мы ўпершыню ўвялі бэйджы – проста заганялі паперу ў паліэтылен, запайвалі паяльнікам, вяровачку на шыю давалі, каб было бачна, што гэта наш чалавек. Міліцыя нам сапраўды дапамагала. Нам пашанцавала з людзьмі, якія прыходзілі, бо не здаралася нейкіх вялікіх непрыемнасцей. Хоць часам фестываль прывабліваў і непатрэбных людзей – якія прыходзілі на яскравую падзею, а не на саму песню”.
Зялёны Гран-пры 1988
За столькі гадоў існавання змяніліся месцы правядзення, канцэпцыя, самі арганізатары. З цягам часу фестываль стаў маленькім, камерным. Цяпер ён прываблівае толькі тых, каму цікава сама бардаўская песня. Між тым, старую групу усё задавальняе: “Фестываль стаў класічным, з добрым гукам, добрай тэхнікай, добрай сцэнай, добрымі артыстамі. Да нас ужо тады прыязджала вялікая колькасць выканаўцаў. Большая частка тых, хто займаў у нас першыя месцы, станавіліся вядомымі. Гэтыя імены мала што скажуць чалавеку, які слаба ведае бардаўскую песню: Барыс Бляхман, Таццяна Ліхавідава, трыо “Фіеста”, Аляксандр Баль”.
Зялёны Гран-пры 1990 (гэтаксама як на загалоўным фота)
У цэлым, праводзіліся многа фестываляў, у тым ліку і зальны фестываль Залаты Гран-пры. “Дзякуючы Азоту ўсе нашы фантазіі мелі фінансавае пакрыццё. Яны лічылі, што справа таго вартая”.
Бардаўская песня ўзнікла ў хрушчоўскі час як аддушына. Уся інтэлігенцыя прыйшла да яе. Не абыйшлося без некаторых разборак. “Калі мы ладзілі нешта ў лесе, да нас некаторы час была пільная ўвага спецслужб – гэта іх праца. Але яны разумелі, што калі хтосьці праспявае не тую песню, гэта далей не пойдзе. Розныя песні былі – з сэнсам, злосныя. Было некалькі прафілактычна-арыентыровачных бясед са мной”.
Самыя моцныя КСП таго часу былі ў Мінску. У знакамітага “Ветразя” быў цэлы камплект памяшканняў: амфітэатр, студыя аўдыязапісу, кавярня, аргсектар. “Я заўседы ім па-добраму зайздросціў”, – прызнаецца Анатоль.
З цягам часу бардаўская песня заняла іншую нішу. Некаторыя лічаць, што з-за недахопу рэкламы і прапаганды. “Я лічу, што трэба прапагандаваць аўтарскую песню, але іншыя не хочуць. З аднаго боку, яны робяць усё дзеля свайго задавальнення, і не хочуць цяжкасцей. З іншага, нас жа ў свой час таксама нехта направіў” – гаворыць Анатоль, але далей размоў гэта нікуды не ідзе.
Між тым, у Гродне існуе іншы клуб аўтарскай песні. “Клуб Неарганізаваных бардаў” з’явіўся гадоў дзесяць таму. Асаблівых мэтаў у клуба не прагледжваецца. Аб’ядналася група людзей, якія ездзілі на мноства фестываляў, выступалі, займалі месцы. “Нам так проста прасцей арганізоўваць фестывалі ці ездзіць куды-небудзь разам. Мы выступалі ўсюды, куды мы маглі даехаць і паставіць палаткі. Пры тым, выязджалі адны і тыя ж людзі. Неяк у Віцебску нам сказалі, што хочуць даць узнагароду нашай дружнай кампаніі і спыталі, як мы называемся. Хтосьці, жартуючы, сказаў: “Ды мы ўвогуле неарганізаваныя барды”. Атрымалася, што яны сур’ёзна гэта ўспрынялі і так нас і абазвалі. Так і з’явілася назва”, – расказвае Ігар Падчыненкаў, адзін з удзельнікаў.
Па яго словах, калісьці яны арганізоўвалі шмат канцэртаў, але потым людзі перасталі хадзіць. На яго думку, з-за недахопу рэкламы і ляноты. Апошнія два гады клуб ладзіць толькі кватэрнікі і маленькія канцэрты для сваіх. І менавіта яны зараз ладзяць “Зялёны Гран-пры”. Як расказвае Падчыненкаў, за фінансаваннем яны практычна не звяртаюцца – дапамагаюць нейкія прадпрыемствы, а ўсё астатняе – за ўласны кошт.
Сярод членаў клуба зусім няма моладзі. Зноў жа, па зразумелых прычынах. “Мала пісаць ці выконваць песні, трэба актыўней у гэтым удзельнічаць: ездзіць на розныя фестывалі, дапамагаць з арганізацыяй. Я не ведаю, чаму бардаўская песня стала менш папулярнай. У любога жанра ёсць лепшыя і горшыя гады. Ёсць думка, што такія жанры з’яўляюцца ў момант нейкага пратэсту. Рок і хіпі, панк… І КСП, якія з’яўляліся ў 70-80 годы, былі нейкім пратэстам. Развальваўся Савецкі Саюз, людзям нешта не падабалася, і яны спявалі пра гэта. Як цяпер усе бягуць на Майдан, тады беглі сюды. А цяпер дэмакратыя, свабода слова, таму, можа, нейкі інтарэс і згас”.
Здымкі grodno.bardy.org і akai.grsu.by