У пагоні за Кубкам: падрабязней пра перамогу “Нёмана” над БАТЭ (абноўлена)

|

Атмасфера на стадыёне

Першы матч сезону – адкрыццё, і ўжо некалькі гадоў на яго вольны ўваход. Але на гэты раз уваход быў платны, пэўна гэта і адбілася на наведвальнасці. На матч з чэмпіёнамі прыйшло каля 3500 гледачоў. Калі параўноўваць з тым, што было летась, дык на 1000 менш. Наконт платнага ўваходу шмат абураліся, але на камандзе гэта не адыгралася. Са слоў футбалістаў, атмасфера на стадыёне была проста шыкоўная.

 

Гасціннасць

 

У гасціннасці зноў вызначылася наша слаўная міліцыя. У сацыяльных сетках можна знайсці шмат абурэнняў фанатаў барысаўскага клуба дзеяннямі гарадзенскай міліцыі. Спачатку прыезджых заўзятараў пачалі абшукваць у цэнтры горада, калі яны аглядалі мясцовыя славутасці, а затым іншую частку барысаўчан трымалі ў зале чакання і праводзілi незразумелую гутарку.

 

Многія прыехалі з сем’ямі, але варта было ім надзець шалік з эмблемай клуба, як адразу былі пад наглядам нашай міліцыі. І яшчэ адзін адмоўны фактар – асабісты дагляд перад матчам. За пяць хвілін да сустрэчы перад уваходам на стадыён утварыліся чэргі ў некалькі сотняў чалавек. Каманды пачыналі пры паўпустых трыбунах. І так кожны раз.

 

Калі ж у горадзе было вельмі шмат міліцыі, то ўжо на самім стадыёне іх было значна менш. На трыбунах з’явіліся сцюарды – маленькія і худзенькія байцы БРСМ – МААП.

 

Футбол

 

Месца ў старце Саладоўнікаў падаў адразу двум пачаткоўцам: Хачатурану і нашаму старому знаёмаму Дзмітрыю Рэкішу. Калі быць шчырым, то галоўны трэнер не пралічыўся. Хлопцы добра выглядалі, за што пасля атрымалі апладысменты. Гэтак жа ў старце Саладоўнікаў даў месца і Аляксею Легчылiну, які разам з Дзенісевічам трымаў цэнтр поля. Калі быць рэалістам, то капітан Дзенісевіч яшчэ далёкі ад аптымальнай формы, занадта хутка ён стаміўся і пад канец сустрэчы раздаваў перадачы ў нікуды.

Першага голу ў сустрэчы гледачам прыйшлося вельмі доўга чакаць, толькі на 74 хвіліне гарадзенцы ўзялі вароты БАТЭ. Пасля доўгай перадачы з паловы “Нёмана”, першым на мячы апынуўся Лягчылін, які вывеў Зубовіча на ўдарную пазіцыю, Ягор свайго шанцу не выпусціў і зрабіў лік 1:0

Толькі восем хвілін цешыліся гардзенцы, як прапусцілі гол з пенальці за знос Крыўца. У гульнявым моманце Максім Вітус прайграў барацьбу паўабаронцу БАТЭ і пацягнуў яго за руку, дзе супернік вырашыў упасці.

Асноўны час матчу скончыўся 1:1, быў дадзены дадатковы час, дзе больш упэўнена адыгралі футбалісты гарадзенскай каманды, забіўшы гол на 98 хвіліне матчу. Мяч забіў навабранец “Нёмана” Ігар Тарасаўс, які выйшаў на замену. Вось гэта дэбют – першы матч і вырашальны гол у сустрэчы. Ужо пасля матчу, адзін з герояў сустрэчы падзяліўся з намі адчуваннямі:

 

“Што тычыцца гола, то брамнік адбіў і трапіў акурат мне на нагу, мне варта было толькі дакладна прыкласціся да мяча. Эмоцыі не перадаць словамі, забіць у дэбютным матчы і пры гэтым прынесці карысць камандзе – гэта незабыўна. Магу адзначыць, што ў вас у Гродне атмасфера суперская, я пад уражаннем. Класныя заўзятары, падтрымлівалі нас на працягу ўсёй гульні”.

 

Прэс-канферэнцыя

 

Што далей?

 

“Нёман” праходзіць далей у паўфінал, дзе 15 красавіка сустрэнецца ў гасцёх з “Мінскам”. У другім паўфінале згуляюць “Днепр” і “Шахцёр”.

 

Калі “Нёман” пройдзе ў фінал разам з “Шахцёрам”, то гарадзенцам будзе забяспечана Ліга Еўропы нават у выпадку паразы, бо салігорцы ўжо маюць пуцёўку ў гэты турнір за 2-е месца ў леташнім чэмпіянаце.

 

Наступная гульня гарадзенцаў, ужо ў чэмпіянаце, пройдзе 30 сакавіка ў Гродне. Футбалісты “Нёмана” будуць прымаць дэбютанта Вышэйшай лігі – ФК “Слуцк”.

 

Здымкі Вольгі Трафімовіч, Яраслава Ванюкевіча, Арцёма Турлая і vgr.by