У польскай Саколцы адрамантуюць чыгуначны вакзал
Грошы павінны знайсціся ў гарадскім бюджэце, бо з лютага вакзал ужо не належыць чыгуначнікам – яны бясплатна перадалі яго гораду. Разам з будынкам горад атрымаў ва ўласнасць паркоўку, непрацуючы фантан ды зачынены будынак аўтавакзала.
Бурмістр Саколкі даўно ўжо хацеў атрымаць на баланс горада гэты безумоўна самы брыдкі ў ваколіцы будынак, бо ўкладаць грошы ў чужую ўласнасць улады не маглі, а вакзал моцна псаваў імідж Саколкі.
Пасля рамонту колер будынку моцна не зменіцца – гэта будзе бардовы або бургунд. На будынку з’явіцца надпіс “Саколка”, герб горада і вялікі гадзіннік, будынак будзе падсвечаны.
У красавіку акажацца, ці ў бюджэце Саколкі знойдуцца грошы на рамонт. Бурмістр хацеў бы паспець яшчэ ў гэтым годзе. Гэтаксама ён спадзяецца на сродкі ЕС.
На дадзены момант само ўтрыманне вакзала не стратнае, бо ажно 90% памяшканняў арандуюць, у тым ліку ў якасці жылля. Таксама памяшканне арандуе бар.
Акрамя фасаду, рамонту патрабуе ўвесь вакзал усярэдзіне. Але ў бліжэйшы год няма шансаў на тое, што працы пачнуцца.
Паводле poranny.pl
Здымак Martyna Tochwin