Піт Паўлаў: Як не сыграць “Трох чарапах”?

“Усе вы памятаеце вядомыя песні N.R.M.”, – пачаў Піт. “Та-ак” – загаманіла зала. “Дык вось, вы іх сёння не пачуеце”, – “абламаў кайф” выступоўца.

 

Творчы вечар падзяліўся на некалькі частак. Найперш Піт сыграў песні з так названага кантрабандысцкага цыклу, бо “Гродна – сталіца кантрыбандыстаў”. Не абмінуў магчымасць прарэкламаваць кнігу Сяргея Пясецкага “Каханак вялікай мядзведзіцы” ў перакладзе на рускую мову. На пытанне, чаму ён рэкламуе рускі, а не беларускі  пераклад, Паўлаў адказаў: “Бо тут я на вокладцы”.

Другой часткай вечара былі так названыя псеўданародныя песні. Хутка верныя слухачы, якія не атрымалі “чарапах”, вырашылі атрымаць адказы на хвалюючыя іх пытанні адносна беларускага этнасу ды ролі і месца Беларусі ў ВКЛ, пакуль хтосьці з слухачоў не прапанаваў проста пакінуць гэтыя пытанні гісторыкам.

Нехта спытаўся пра “апазіцыйнасць” Гродна. “Не апазіцыйны горад, а нармальны, я б сказаў. А што датычыцца беларускасці, калі б узнавілі старыя межы, мы б зразумелі, што і ў Вільні, і ў Смаленску жывуць нашы”, – адказаў Піт. Задавалі пытанні і пра калег Ляпісаў. “Міхалок пісаў добрыя іранічныя песні, і ўсе, хто чуў, гэта разумелі. А вось рускія не зразумелі сцёбу. І Міхалок стаў граць ролю такога дурнаватага браткі-беларуса. Зараз там існуюць аўтары, якія цалкам сур’ёзна пішуць такія тэксты”.

 

Пасля размовы слухачы пачулі песні з новага альбома N.R.M. і ў канцы усё ж атрымалі на біс чаканых “чарапах”.

 

Пасля канцэрта Піт Паўлаў пагадзіўся даць інтэрв’ю “Твайму стылю”. Чытайце яго хутка на нашым сайце.


Здымкі Kate Lisitsa Photography і аўтаркі