Ściana “Мы застанемся”: прэзентацыя альбома ў Мінску (фота)

|

Распачаўся канцэрт з выступу Фёдара Жывалеўскага. Па традыцыі музыка сыграў некалькі ўласных песен, а таксама каверы замежных выканаўцаў у перакладзе не беларускую. Сярод іх – песні Курта Кабэйна, Йен Кёрціса, Тома Йорка. Перад выступам музыка вельмі хваляваўся: “Спадзяюся, што за час выступу людзі паспеюць напіцца… Глянь, які ва ўсіх моцны гук, а я тут адзін з гітарай…” Трэба адзначыць, што і адзін Жывалеўскі варты цэлага гурта. Музыка радаваўся, што на яго ўласныя песні прысутныя рэагавалі нават лепш, чым на пераклады.

Калі Жывалеўскага прысутныя з замілаваннем слухалі, дык падчас выступу TerraKod госці імпрэзы пачалі паводзіць сябе больш актыўна: падпяваць і танцаваць. Берасцейскі гурт выдатна спалучае фолк і альтэрнатыву. Першае дасягаецца за кошт дуды і своеасаблівага жаночага вакала. Другое – шчыльнага моцнага гуку і вакала Алеся Плоткі. Адыгралі выступоўцы і песні з сінгла, які нядаўна выйшаў: “Мята” – своеасаблівае прысвячэнне Хэмінгуэю і “Брудныя танцы”. Зараз музыкі працуюць над новым альбомам, які ўжо запісваецца.

Падчас канцэрту вядоўца Алег Хаменка разыгрываў дыскі гурта Ściana і сумкі ад грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі”.

Нарэшце выйшаў сам гурт Ściana. Прысутныя добра ведалі тэксты і спявалі песні разам з гуртом, літаральна выкрыкваючы словы. Асаблівае захапленне выклікала песня “Беларусь-Украіна”. Песню “На Басах” Ściana выканала разам з Анатолем Курысем з берасцейскага электроннага праекта Saint Gooseberry. Таксама некалькі песень адыгралі з Касяй з TerraKod. Скончылі выступ музыкі песняй “Мы застанемся”, але, выканаўшы яшчэ адну на біс, заспяшаліся на цягнік. Альбом адзначыўся значнай колькасцю “электроншчыны”, але ў цэлым гурт застаўся такім жа, што і адлюстроўвае назва альбома.