У Гродна прыехаў арган для лютэранскай кірхі

|

Арган прыехаў у Гродна ў пятніцу 4 красавіка. Урачыстае адкрыццё пройдзе 7 чэрвеня ў межах Х Фестывалю нацыянальных культур. Дзякуючы аргану кірха стане першым месцам прыстасаваным для рэгулярных прафесійных канцэртаў арганнай музыкі.

Арган загучыць у сценах кірхі ўпершыню з 1939 года. Стары арган канфіскавалі для патрэб філармоніі ў 1944 годзе, але ў выніку ён не патрапіў у філармонію, бо ў ёй не было адмыслоўца па гэтым інструменце.

Лютэранская абшчына Гродна набыла інструмент у абшчыны Франкфурта на Майне. Аргану 54 гады – ён яшчэ дастаткова малады. Пастар Уладзімір Татарнікаў патлумачыў, што пошукі аргану працягваліся так доўга таму, што важны быў не толькі адпаведны памяшканню памер, але і гук. Не кожны арган падыйдзе да канкрэтнага храму.

Гарадзенскія лютэране маюць свайго ўласнага арганіста, які будзе граць падчас службаў. На канцэрты ж плануецца запрашаць прафесіяналаў Германіі, Расіі, Польшчы і іншых краін. Абшчына спадзяецца, што канцэрты прафесійнага ўзроўню стануць у кірсе рэгулярнымі.