“Нёман” – чэмпіён! Гарадзенцы на “Чыжоўка-Арэне” заваявалі Кубак
Хаця гарадзенцы спачатку больш актыўнічалі, лік адкрылі мінчукі ў меншасці. На 18 хвіліне Шэлег дае доўгі пас Слышу, той адразу перакідвае Бараўкову, які пасылае шайбу ў дзявятку.
Адыграцца “Нёман” змог толькі ў другім перыядзе. Браты Маляўкі на 25 хвіліне выраўналі лік: Аляксандр, выязджаючы з-за варот справа, зрабіў галявую перадачу Сяргею. Пасля гэтага “Нёман” і “Юнацтва” абменьваліся атакамі ды кідкамі. Выдатна са сваёй працай спраўляліся брамнікі Бялінскі і Брыкун.
У трэцім перыядзе “Юнацтва” ўзмяцняе актыўнасць, спрабуючы закінуць вырашальную шайбу, але гульня пераходзіць у авертайм (дарэчы, першы ў гэтай серыі).
У Мінск выбралася вельмі шмат фанатаў “Нёмана” (глядзі падтрымку на відэа), хапала і мінчукоў, што сімпатызавалі гарадзенскай камандзе. Агулам на матч прыйшло 5 500 гледачоў – гэта быў самы наведваемы матч сёлетняга плэй-оф.
У авертайме бярэцца за справы “Нёман”. На 73 хвіліне адбываецца выдаленне ў “Юнацтва” – дзве хвіліны атрымлівае Цімчанка. “Нёман” адразу бярэ тайм-аўт і ўжо літаральна праз хвіліну, калі Цімчанка толькі паспеў выехаць з лаўкі штрафнікоў, Вячаслаў Лісічкін забівае гол, заканчваючы матч (глядзі відэа). Кубак падымае Андрэй Коршунаў.
Гарадзенскі “Нёман” у пяты раз стаў чэмпіёнам Беларусі. Раней гарадзенцы перамагалі ў сезонах 1997/98, 1998/99, 2000/01, 2012/13. У мінулым годзе ў фінале “Нёман” пабіў жлобінскі “Металург”.
“Юнацтва” – “Нёман” – 1:2 (1:0, 0:1, 0:0, 0:1)
Шайбы:
1:0 – Бараўкоў (Шэлег, Слыш, 17.14 – мен.). 1:1 – С.Маляўка (А.Маляўка, 24.41). 1:2 – Лісічкін (73,56).