Польскае консульства запрашае на рэтраспектыву фільмаў Ежы Штура
Урачыстае адкрыццё рэтраспектывы адбудзецца 15 красавіка ў 19.00. Першым будзе паказаны фільм-інтэрв’ю “Маё жыццё ў мастацтве” Міраславы Юркоўскай прысвечаны асобе Ежы Штура.
Ежы Штур (Jerzy Stuhr) – рэжысёр, сцэнарыст, акцёр. Нарадзіўся 18 красавіка 1947 года ў Кракаве. Ужо падчас вучобы ў Дзяржаўнай вышэйшай тэатральнай школе ў Кракаве выступаў у спектаклях Старога тэатра ў Кракаве. З 1990 па 1997 год быў рэктарам Дзяржаўнай вышэйшай тэатральнай школы ў Кракаве. У 2002 годзе зноў абраны рэктарам ДВТШ. У 1994 годзе атрымаў званне Прафесара тэатральнага мастацтва. Лаўрэат шматлікіх узнагарод. У 90-я гады пачаў займацца аўтарскім кіно. З 1998 года Член Еўрапейскай Кінаакадэміі. | ||
Расклад паказаў
15 красавіка, 19.00
МАЁ ЖЫЦЦЁ Ў МАСТАЦТВЕ /1999, дак. фільм, каляр., 23 хв./
Рэжысёр: Міраслава Юркоўска
Фільм-інтэрв’ю, які распавядае аб творчай дзейнасці Ежы Штура
СПІС ПАЛЮБОЎНІЦ /1994 г., меладрама, каляр., 64 хв./
Рэжысёр: Ежы Штур
У ролях: Ежы Штур, Ян Пешак, Дарота Памыкала, Станіслава Цэліньска, Ганна Радван
Густаў, вучоны-паланіст, працуе ў Кракаўскім універсітэце. Па распараджэнні дэкана ён паказвае горад шведскаму гуманісту, прафесару Б’ёрну. Але госць замест знаёмства са старажытнай сталіцай Польшчы хоча даведацца пра начное жыццё горада і ў першую чаргу пазнаёміцца з жанчынамі. Густаў пачынае вышукваць у запісной кніжцы адрасы сваіх даўніх знаёмых, сябровак і палюбоўніц. Але аказваецца, што яны, калісьці прывабныя і згодныя на любоўныя раманы, за гэтыя гады вельмі змяніліся.
17 красавіка, 19.00
СПАКОЙ /1976 г., драма, каляр., 81 хв./
Рэжысёр: Кшыштаф Кеслёўскі
У ролях: Ежы Штур, Ізабэла Альшэўска, Ежы Трэля, Мар’яна Цыбульска
Герой “Спакою” Антак Гралак – працоўны з крымінальным мінулым. Пасля вызвалення з турмы Антак разумее, што для яго няма месца ў сям’і і грамадстве . Ён пакідае родны Кракаў і знаходзіць працу на будаўнічай пляцоўцы ў Сілезіі, з якой знікаюць цэмент і цэгла. Сярод працоўных успыхвае забастоўка і Гралак вымушаны разрывацца паміж двума супрацьлеглымі бакамі – начальнікам, які яго ўзяў на працу, і сваімі калегамі. Усё, што ён хоча ад жыцця – простыя рэчы: праца, чыстая пасцель, жонка, тэлевізар і спакой.
22 красавіка, 19.00
ТЫДЗЕНЬ З ЖЫЦЦЯ МУЖЧЫНЫ /1999 г., меладрама, каляр., 85 хв./
Рэжысёр: Ежы Штур
У ролях: Ежы Штур, Маўгажата Дабравольска, Данута Шафлярска, Эва Скібіньска, Яцэк Раманоўскі
Герой фільма – пракурор Адам Бароўскі карыстаецца бездакорнай рэпутацыяй. Ён патрабуе суровага пакарання для кантрабандыста, свой ганарар за выдадзеную кнігу аддае на грамадскія мэты, падтрымлівае сваю жонку ў яе дабрачыннай дзейнасці. А сам вядзе падвойны лад жыцця.
24 красавіка, 19.00
ВЯЛІКІ ЗВЕР /2000 г., меладрама, ч/б., 70 хв./
Рэжысёр: Ежы Штур
У ролях: Ежы Штур, Ганна Дымна, Дамініка Беднарчык, Блажэй Вуйцік, Анджэй Франчык
Паэтычны чорна-белы фільм пра шлюбную пару Савіцкіх, якія клапаціліся аб выпадкова знойдзеным вярблюдзе. На жаль, гэта не па душы жыхарам іх гарадка. Яны вырашаюць расправіцца з жывёлай любой цаной. Перад домам Савіцкіх пачынаюцца пікеты, служачыя патрабуюць спецыяльных аплат і падаткаў.
25 красавіка 19.00
НАДВОР’Е НА ЗАЎТРА /2003 г., меладрама, каляр., 94 хв./
Рэжысёр: Ежы Штур
У ролях: Ежы Штур, Малгажата Заянчкоўска, Рома Гансяроўска, Барбара Калюжна, Мацей Штур
Юзэф Козел сямнаццаць гадоў жыве ў манастыры, куды схаваўся ад жонкі, якая яму здраджвала, і камуністычных рэпрэсій. Ён павінен выступіць на фестывалі вакальна-інструментальнага мастацтва за мурамі манастыра. Падчас выступу яго пазнаюць жонка і сын. Царкоўныя ўлады ўзрушаны. Юзэф вымушаны пакінуць манастыр. Сям’я сустракае яго холадна. Жонка, малодшая дачка і сын не могуць дараваць яму раптоўнага знікнення сямнаццаць гадоў назад. Толькі старэйшая дачка Оля рада яго вяртанню.
Месца: Гродна, Кіназал Генеральнага Консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне, вул. Будзёнага 48а