ІІ Міжнародны фестываль “Лялькі над Нёманам” пройдзе ў Гродне 11-15 мая 2014

|

Гледачоў чакаюць спектаклі на беларускай, рускай, польскай, літоўскай (з сінхронным перакладам на рускую), украінскай і сербскай мовах, а таксама некалькі спектакляў наогул без словаў.

 

Беларусь на фестывалі будуць прадстаўляць, акрамя гаспадароў, таксама мінскі, брэсцкі і віцебскі тэатры. Польшчу прадставяць Ломжа, Беласток і Жэшув, Літву – Коўна, Клайпеда і Вільня, Украіну – Хмяльніцкі і Роўна. Найбольш тэатраў прыедзе з Расіі, бо ажно пяць: з Арэнбурга, Архангельска, Краснадара, Волагды і Іванава. Гэтаксама чакаюцца трупы з Балгарыі, Эстоніі, Сербіі і Чэхіі. Геаграфія, у параўнанні з мінулым годам, павялічылася амаль у два разы.

 

У праграме, акрамя спектакляў, таксама прэзентацыя кнігі Барыса Галдоўскага “Гісторыя беларускага тэатра лялек”, лекцыя польскага гісторыка тэатра лялек і тэатральнага крытыка, прафесара Варшаўскай тэатральнай акадэміі Марэка Вашкеля, а таксама канцэрт гурта “SoUNDUK”.

 

Журы абярэ лепшыя спектаклі – будзе ўручана Гран-пры, а таксама шэраг узнагарод за лепшую рэжысуру, лепшую працу мастака-пастаноўшчыка і іншыя.

 

Распачнецца фестываль 11 мая ў 13.00 парадам гасцей і удзельнікаў з Савецкай плошчы да Тэатру лялек, дзе ў 13.30 адбудзецца ўрачыстае адкрыццё.

 

Глядзі праграму Міжнароднага фэсту-свята “Лялькі над Нёманам” ніжэй:

 

     
  Пра свята-фэст “Лялькі над Нёманам” у 2013 годзе чытай тут і глядзі фотарэпартаж з адкрыцця.