“Мы хочам з вамі сябраваць” – Універсітэт Залатога Веку прымаў гасцей з Літвы (фота)

|

Канцэртная зала ДК “Цветліт” ледзь змясціла ўсіх ахвотных паўдзельнічаць імпрэзе. Яно і зразумела: рыхтаваліся да прыему замежнай дэлегацыі старанна і  загадзя – рэпетыцыі, хваляванні, чаканні ўзрушваюць і гаспадароў, і гасцей.

 

“Першы раз мы завіталі ў Гродна летась для удзелу ў канферэнцыі “Інтэлектуальная, фізічная і сацыальная актывізацыя сталых людзей” і нам вельмі спадабаўся ваш падыход да працы, высокі арганізацыйны ўзровень мерапрыемства і, канечне, ваш прыгожы горад. Ужо тады мы зразумелі, што вельмі хочам з вамі пасябраваць, – распавяла прэзідэнт  Мар’ямпальскага Універсітэту Трэцяга веку спадарыня Она Сакалаўскене. – Мы запрасілі гарадзенскую дэлегацыю да нас у госці, а зараз самі наведаліся ў Беларусь”.

 

Канцэрт, прысвечаны сустрэчы, невыпадкова распачаў “Гаўдэамус” у выкананні слухачоў УЗВ – сустракаліся прадстаўнікі двух універсітэтаў.

Пасля на сцэну вышлі прадстаўнікі літоўскага боку – і паліліся песні, загучалі спевы…

Гарадзенцы таксама не засталіся толькі гледачамі – пайшлі на сцэну гукаць вясну, спяваць пра каханне і дружбу, пра раставанні і сустрэчы.

Насамрэч, часам цяжка было ацаніць, дзе больш артыстаў – на сцэне, ці ў зале – так актыўна падхоплівалі мелодыі і настроі з абодвух бакоў сцэны.

Як звычайна, у госці да сяброў не едуць з пустымі рукамі. Завяршыў афіцыйную частку канцэрту абмен падарункамі і сувенірамі.

У нефармальных абставінах госці і гаспадары вечарыны частаваліся, танцавалі і спявалі. Цяжка было паверыць, што многія прысутныя бачацца першы раз – тут адбывалася сустрэча добрых сяброў.