Часопіс Arche прэзентаваў у Гродне новую кнігу Юрыя Гардзеева
Новыя “Балахоўцы” значна пашыраныя ў параўнанні з выданнем 2012 года. Цяпер гэта не толькі сучаснае выданне ўспамінаў польскага афіцэра Станіслава Ліса-Блонскага пра армію Станіслава Булак-Балаховіча, але і цікавая магістарская праца Юрася Юркевіча пра стварэнне і дзейнасць Асобнага атрада БНР у Балтыі. Акрамя гэтага, у кнізе ёсць некаторыя малавядомыя ўспаміны і дакументы, датычныя жыцця і дзейнасці Балаховіча і яго вайсковых фармаванняў, а таксама спіс усіх жаўнераў Асобнага атрада БНР па стане на канец 1919 г.
Рэдактар выдання Андрэй Вашкевіч сказаў нават, што другое выданне настолькі больш дасканалае, што першае можна без шкадавання каму-небудзь падараваць або наогул выкінуць. Гэтаксама ён намякнуў, што ў гісторыкі Булак-Балаховіча далёка не ўсё даследавана , таму цалкам апраўдана чакаць і трэцяга, яшчэ больш пашыранага выдання.
Кракаўскі гісторык Юрый Гардзееў прэзентаваў сваю працу са складанай “антымаркетынгавай” назвай “Цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі ў Вялікім Княстве Літоўскім у часы Чатырохгадовага сойма”. Гэта пераклад ягонай польскамоўнай працы 2010 года, з якой ён абараніў габілітацыю. Па словах аўтара, у кнізе вельмі шмат не толькі пра пачаткі публічнай адміністрацыі на нашых землях, але і пра штодзённае жыццё: як багатыя людзі спрабавалі пазбягаць падаткаў, або як камісіі спрабавалі ўвесці “сацыялізм”, кантралюючы цэны на тавары. Вельмі шмат у кнізе падзей, звязаных з Гродна і Гарадзенскі паветам, што не дзіўна, бо аўтар вядомы адмысловец у гэтай тэматыцы.
На прэзентацыі можна было пабачыць і набыць таксама іншыя кнігі Arche, сярод іх другое выпраўленае выданне працы Яна Шумскага “Саветызацыя Заходняй Беларусі”, якая стала прычынай пераследу часопіса восенню 2012 года. Гэтаксама прадаваліся кнігі з “літоўскай серыі” (пераклады важных прац літоўскіх гісторыкаў), а таксама найноўшыя і некаторыя вельмі старыя нумары часопіса.
Здымкі Яна Лялевіча