Ігар Тарасаўc: Цяпер усе думкі аб чэмпіянаце, трэба паправіць сітуацыю, а потым думаць пра фінал

Табе давялося пагуляць ва ўсіх матчах, якія правёў “Нёман”. І, мяркуючы па тваёй гульні, ты адзін з лепшых у складзе каманды. А ў апошнім матчы выйшаў у старце. Раскажы, за кошт чаго табе ўдаецца добрая гульня?


Я проста імкнуся выконваць устаноўкі трэнера. Імкнуся прынесці як мага больш карысці сваёй камандзе сваімі дзеяннямі. Часам нешта атрымліваецца лепш, часам нешта не атрымліваецца. Але ў цэлым гэта старанні плюс актыўныя дзеянні, імкнуся больш быць з мячом.


Пасля пераможнага матчу з БАТЭ (ты там і забіў), ты меў y кожным матчы моманты для ўзяцця варот суперніка, чаго не хапала для чарговага гола?

 

Можа быць трохі не шанцуе, недзе крыху не паспеў, недзе супернік накрыў. Цяпер галоўнае зрабіць высновы, працаваць на трэніроўках і галы прыйдуць. Важней за ўсё, каб каманда выйграла, тады ўсё будзе атрымлівацца само сабой.

Дэбют у матчы з БАТЭ

 

Пасля матчу з БАТЭ каманду спасцігла серыя няўдач. Тры пройгрышы і ніводнага гола. Што адбылося з камандай пасля перамогі над чэмпіёнамі?

 

Складана сказаць, ніхто не чакаў такога старту. Бываюць такія гульні, серыі гульняў, калі складана патлумачыць што з табой. Быццам бы працуеш, стараешся, а ўсё з рук валіцца. Але я думаю, мы ад гэтага адыдзем пасля апошняй гульні.


Давай пагаворым пра пераможную гульню з “Мінскам”. Як рыхтаваў Сяргей Вітальевіч каманду на гульню з “гараджанамі”?

 

Нас асабліва не трэба было наладжваць і рыхтаваць. Мы самі разумелі, што адбываецца, і што гэтая гульня вельмі важная для нас і горада ў цэлым. Таму выйшлі і біліся. Цяпер думкі ўсe аб чэмпіянаце, трэба паправіць сітуацыю, а потым будзем думаць ужо пра фінал.


За “Неман ты правёў ужо пяць гульняў: тры гульні чэмпіяната і дзве кубкавыя. Што можаш сказаць пра ўзровень футбола ў нашай краіне (улічваючы перамогу над чэмпіёнамі і пройгрышы дэбютантам)?

 

Як я і казаў з самага пачатку, слабых і прахадных гульняў тут не будзе. І гульні, якія я сыграў, гэтаму доказ. Выйгралі з чэмпіёнам, прайгралі дэбютанту. Потым патрапілі ў фінал кубка і еўракубкі, выйгралі ў напружанай барацьбе. У чэмпіянаце няма слабых каманд, гэта дакладна.


Якая гульня была самая цяжкая?

 

Для мяне, хутчэй за ўсё, апошняя гульня была цяжэй за іншыя, усё ж такі 90 хвілін і сітуацыя напружаная. Спадзяюся далей пойдзе лягчэй.


Што для цябе значыць выхад каманды ў фінал кубка і выхад каманды ў Лігу Eўропы? Ці даводзілася раней гуляць у падобных турнірах?

 

Выхад у фінал гэта заўсёды шмат значыць для футбаліста, на коне трафей. Перамога ў фінале і магчымасць падняць кубак гэта мэта любога футбаліста, мы ж гуляем дзеля перамог. У Лізе Чэмпіёнаў і Лізе Еўропы мне ўжо даводзілася гуляць не раз. Так што вопыт у гэтых спаборніцтвах у мяне ёсць.

 

У мінулым годзе з “Вентспілсам” мы дабраліся да трэцяга раўнда Лігі Еўропы, дзе прайгралі “Макабі” Хайфа. Дома згулялі 0:0, а на выездзе прайгралі 0:3. Да гэтага гуляў у Лізе Чэмпіёнаў за рыжскі “Сконта”, тады мы прайгралі кракаўскай “Вісле” 0:1 дома, і 0:2 на выездзе. Наогул, мой першы еўракубкавы досвед быў у 18 гадоў за рыжскі “Алімп”, мы гулялі з ірландскай камандай “Сейнт Патрык” і таксама прайгралі.


Ці моцна адрозніваецца ўзровень футбола ў Латвіі і Беларусі?

 

У цэлым не моцна, але хуткасці ў Беларусі і ўзровень барацьбы вышэй чым у Латвіі, трэба хутчэй прымаць рашэнне. Цікавасць публікі значна вышэй чым у Латвіі і балельшчыкаў пабольш ходзіць.


Наступнae пытанне акурат было пра наведвальнасць. Мы кожны год імкнемся павялічыць колькaсць гледачоў на стадыёне, але з кожным годам лічбы тыя ж. Як ты лічыш, як можна прыцягнуць людзей на футбол?

 

Галоўнае, што лічбы не ідуць уніз, а прыцягваць заўзятараў нам трэба сваёй гульнёй і такімі перамогамі як над “Мінскам”, выхадамі ў еўракубкі, фіналы кубка, прызавымі месцамі. І, вядома, каб час для гледачоў рабілі пазручней, можа якія-небудзь конкурсы перад гульнёй для дарослых і дзяцей.


Як ты думаеш, чаго не хапае беларускаму футболу?

 

Мне здаецца, на дадзены момант усяго дастаткова. Галоўнае – развіваць тое, што ўжо ёсць. Галоўнае, што ў людзей ёсць цікавасць і добрае стаўленне да футбола. Трэба проста рухацца наперад, як гульцам, так і клубам, фундатарам і ўсім, і тады будзе вынік, пойдуць гледачы, будуць перамогі, еўракубкі і пойдзе ўсё ў гару.


Апошняе пытанне – ці ты ўжо паспеў знайсці ў Гродне любімае месца?

 

Пакуль часу не так шмат, каб пагуляць, знайсці любімыя месцы. Пакуль трэніроўкі, гульні, адпачынак. Калі сям’я прыедзе, тады буду пабольш гуляць. Можа тады і з’явіцца нешта, пазнаёмлюся з горадам бліжэй.

 

Здымкі Волі Трафімовіч