Барнаульцы I.Witness: “Мы заўседы раўняліся на беларускую, гарадзенскую панк-сцэну”

З самага пачатку гледачы настроіліся на хардкор. З першай песні публіка актыўна рухалася, паднімала і праносіла вакалістаў. “Дасталі вы сваімі канцэртамі…” – задуменна разліваючы піва, падзялілася думкамі бармэнша.

Працягвалася ўсе ў тым жа духу. Хлопцы прадавалі футболкі з назвамі гуртоў, часопісы-фанзіны, кнігі з многаабяцаючай назвай “Анархические письма”. Таксама раздавалі стыкеры I.Witness. Зразумеўшы, што гэта “халява”, гарадзенская публіка з задавальненнем пачала іх расцягваць.

Ахарактэрызаваць выступы гуртоў можна было адным словам: лютасць. Вось такі ён, эмахардкор. Са скачкамі ў натоўп і адданымі слухачамі, якія вырывалі мікрафон з рук вакалістаў, каб прараўці некалькі радкаў любімай песні. Вакаліст Huščar чытаў у час выступу вершы па-беларуску. Таксама на канцэрце раздавалі лістоўкі, дзе было напісана пра набор у Экашколу, і збіралі грошы для “Адданага сэрца”, якое займаецца дапамогай жывёлам. Пасля стала вядома, што сабраць змаглі 300 тысяч.

 

Пасля канцэрта мы адцягнулі ў бок вакаліста I.Witness Іллю Папова і распыталі пра ўражанні ад публікі: “Публіка гарадзенская выдатная, з года ў года мы ездзім – тут лепшая!”

 

На пытанне, ці бачна, што Гродна – культурная сталіца Беларусі, Ілля адказаў:

 

“Безумоўна. Я быў у многіх гарадах Беларусі, і Гродна выдзяляецца ўвогуле ўсім. Пачынаючы ад Старога замка, цэркваў і заканчваючы ўсёй архітэктурай. Нідзе больш такой не сустрэнеш. Уласна я не сустракаў. Яна вылучаецца сваёй нетыповасцю для іншых пост-савецкіх краін, тут ты адчуваеш сябе як ў Еўропе.

 

Вельмі добрыя, ветлівыя людзі. Мы ездзім без навігатара, і дабраліся сюды мы толькі дзякуючы падказкам людзей. Адчуваецца, што культурная сталіца. Хочацца гуляць бясконца. Збіраемся да вас у наступным годзе. У нас быў перапынак з выяздной дзейнасцю, але зараз мы ўсё пераадолелі і гатовы прыязджаць зноў і зноў”.

 

Таксама Ілля расказаў пра свае бачанне андэграўнднай музыкі:

 

“Для мяне гэта – шчырая незалежная музыка. Гэта калі ты можаш напісаць чалавеку, які жыве за пяць тысяч кіламетраў, і сказаць: “Ром, ну з вас дарога, мы прыедзем?” – “Ды не пытанне, пацаны”. І я магу яму напісаць тое ж самае, і напішу тое ж самае. Гэта адзіная падпольная сетка, на якую ніякія фактары не паўплываюць. Мы заўседы раўняліся на беларускую, менавіта гарадзенскую панк-сцэну, у вас ёсць чаму павучыцца. Гэта не ліслівасць, таму што першыя дыскі панка, хардкора, нейкіх радыкальных гуртоў мы слухалі менавіта гарадзенскіх. Было чаму павучыцца і ў эстэтыцы і непасрэдна ў музыцы. Не гаворачы ўжо пра ўзаемадзеянне з людзьмі: нам да гэтага яшчэ расці і расці”.

 

“Я б сказаў, непатрэбна на творчасці зарабляць ,таму што гэта ператвараецца ў працу. У мяне ёсць праца, там я зарабляю грошы. У мяне ёсць творчасць – тут я зарабляю новыя эмоцыі, пачуцці. Не трэба на гэтым зарабляць грошы, нічым добрым гэта не заканчваецца”.

 

“Тур – гэта новыя прыгоды, новыя сябры, успаміны, якімі ты будзеш жыць усё жыцце. Папярэднія туры мы з гуртом успамінаем пастаянна, збіраючыся. Гэта тое, дзеля чаго мы жывем. Праца – гэта ўсё не тое. Гэта сродак, каб мы вось тут стаялі з табой і размаўлялі”.

 

Здымкі Сяргея Людкевіча