Часопіс “LO_ok” прэзентаваў нумар пра андэграўнд і сучаснае мастацтва

|

Асаблівасць апошняга нумара ў яго двухбаковасці. З аднаго боку можна прачытаць пра гарадзенскі андэграўнд, дзе ўспамінаюцца былыя клубы і музыканты апошняга дваццацігоддзя, з другога – пра сучаснае мастацта ва ўсіх яго праявах: стрыт-арт, графіці, вядомыя сучасныя мастакі Гарадзеншчыны і нават ЖКГ-арт.

На першай частцы прэзентацыі, якая праходзіла ў антыкавярні “Жывы час”, падрабязна пагаварылі пра першую частку часопіса. Рэдакцыя запрасіла Яўгена Нікіціна з The Post – легендарнага гурта, які лічыцца першым панк-гуртам Гродна. Ён заўважыў, што ў наш час амаль ніхто не чытае, і што калі рэчы тыпу LO_ok робяцца – гэта вельмі добра. “Слава героям!” – сказаў Нікіцін.

Што датычыцца музыкі, ён выказаўся так: “Зараз збольшага я пажынаю плён мінулых гадоў. Будзе альбом, які зараз запісваецца адначасова ў Гродне і ў Маскве. Мы вырашылі выбраць таксама нейкі фармат, каб перадаць тую атмасферу: дыскі – не тое, можа, зробім на касетах. Або вініле. Мне падабаецца, што цяперашнія музыканты аб’ядноўваюцца, дапамагаюць адзін аднаму. Таксама паважаю тых, хто не сышоў з гэтай дарогі. Бо сям’я, алкаголь па-рознаму на ўсіх уздзейнічалі. Адзін з такіх людзей – Аляксандр Дзянісаў”.

Дзянісаў прысутнічаў у зале. Хутка яму, па просьбе ўсёй залы, з гледача прыйшлося стаць выступоўцам. “Ды я нават сваіх тэкстаў не ведаю”, – як мог адгаворваўся музыка. “Мы ведаем”, – быў адказ аудыторыі. У выніку Алесь Дзянісаў сыграў вядомую песню “Радыёактыўны снег”.

Ад музыкантаў яшчэ давялося пачуць некалькі цікавых думак: “Калі ты быў панкам, ты можаш стаць выдатным інжынерам, але капітанам міліцыі ты не можаш быць: або ты быў няшчырым тады, або цяпер”.

 

Адзначылі яны і тое, што ў нас неразвітая клубная культура: “Калі ў нас нехта грае ў маленькіх клубах, гэта ўспрымаюць як “лох, нікуды не выбіўся”. Між тым, у Еўропе ёсць музыканты, якія так і жывуць клубным жыццем, граюць дзеля сябе, і ніякая слава ім непатрэбная”.

Прадстаўнікамі “новага пакалення” на прэзентацыі былі Міхаіл Гаеўскі і Яўген Лапундзер з экс-ВКЛ. Хлопцы ўспаміналі пра колішні ДК Грэка і гралі беларускамоўны рок.

 

У канцы рэдакцыя падкрэсліла, што хоць атмасферу тых дзён не вярнуць, усе роўна трэба дзейнічаць і нешта ствараць. І дадала, што праект LO_ok гэта маленькая частка той ініцыятывы, якая сыходзіць ад неабыякавых людзей.

Затым рэдакцыя і ахвотныя перамясціліся ў бар “Сіці”, дзе адбылася другая частка прэзентацыі: без канкрэтнай праграмы, з алкаголем і дзі-джэямі. Для наведвальнікаў  выступілі Party3an (ragga jungle,dubwise), Orca (liquid drum and bass), Noisbit (breaks, dubstep) і Manatee(trip-hop, dub-step). Да чатырох гадзін раніцы ахвотныя адрываліся пад якасную музыку.

Традыцыйна ўсім жадаючым раздавалі часопісы. Людзі ахвотна бралі некалькі экзэмпляраў “самого издатого самиздата”, як ласкава называе яго рэдакцыя, збіралі подпісы музыкантаў. І гэта толькі пачатак. Што будзе далей – адной рэдакцыі вядома.