Crazy Stuff: адраджэнне “Парламента”
Распачаў выступ малады гурт Breakdown on the floor. Ён быў цепла прыняты публікай, якая так і цягнулася, каб паціснуць рукі вакалісту. “Социум” парадаваў прыхільнікаў хітамі. Дзякуючы СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры – прадстаўнікам беларускамоўнай альтэрнатыўнай сцэны – публіка пачула, як гучыць на беларускай мове “Careless Whisper” Джорджа Майкла. Shards Of Soul і Voice Of Oblivion – металічныя гурты з жаночым вакалам таксама выклікалі захапленне. Да Kliodna – мелодзік-метал-гурта – дацягнулі нямногія, але тыя, хто застаўся, не пашкадавалі. Уволю “наслэміўшыся” і наскакаўшыся, у канцы вечара многія проста сядзелі на падлозе з заплюшчанымі вачыма і насалоджваліся музыкай.
Падчас выступа арганізатары ладзілі конкурсы трасення валасамі, па хуткасці распіцця напіткаў і конкурс на лепшы слэм. У якасці прыза пераможцы атрымлівалі квіткі на бясплатны алкаголь. Усе засталіся задаволеныя. “Норм танцулькі былі”, – аўтарытэтна заявілі аматары.
Арганізатар Максім Скавінскі падзяліўся думкамі:
“Ідэя зладзіць канцэрт узнікла спантанна. Я шукаў якасную пляцоўку для выступу гурта N.R.M. Канцэрт мы арганізавалі з Юрам (гітарыст-вакаліст Shards Of Soul)”. Арганізатар звярнуў увагу на высокі ўзровень установы: “Нават ёсць некалькі грымерак і сістэма аховы. Ды і апарат больш якасны”.
Дарэчы, кошт білетаў у хлопцаў заўседы ніжэйшы, чым звычайна ў канцэртаў такога тыпу. “З першымі канцэртамі мы хочам просто выйсці на “ноль”, не маем з іх прыбытку. Мы хочам паглядзець, як народ паставіцца да “адраджэння” Парламента. Канешне, калі прыедуць гурты з вялікімі ганарарамі, будзем рабіць адпаведны ўваход. Але пакуль можам, робім усё да народа”.
Апошнім часам узрасла цікаўнасць да музыкі 90-х і 00-х. Часта ўспамінаюць легендарныя клубы “Клетка” і ДК Грэка. На пытанне, ці магчыма аднавіць былую атмасферу, Максім адказаў:
“Думаю, не, бо ў Парламенце не можа панаваць такая ж атмасфера раздзяўбайства, распусты і п’янага ўгара”.
Нягледзячы на свой юны ўзрост, арганізатар паабяцаў, што збіраецца рабіць “нешта якаснае, папулярнае, але бяспечнае для псіхікі маладога пакалення”.