“Ад заходу да світання” – фотавыстава Сяргея Марозава ў галерэі “Крыга”

|

Недастаткова блізкае знаёмства з любым чалавекам звычайна вядзе да аднабаковасці ўспрыняцця: ён для цябе калега з працы, сусед, сябра па кааператыву, знаёмы з дыскатэкі і г.д.

Далёка не заўсёды мы ведаем людзей з розных бакоў, а калі даведваемся, выяўляецца, што ў адной сферы ён зусім не падобны на сябе ў іншай. І з’яўляецца пытанне: а дзе ж ён сапраўдны?

Матацыклісты не выключэнне.

Харызматычны і суровы выгляд байкера прыцягвае позіркі, але вы наўрад ці пазнаеце яго ў акуратным супрацоўніку банка. А гэта тая ж самая асоба!

Усе мы граем нейкія сацыяльныя ролі, у залежнасці ад сітуацыі прымяраем маску бацькі, пакупніка, грамадзяніна, маску байкера… Дык якія яны сапраўдныя? У масцы працаўніка з панядзелка па пятніцу, ці ў масцы байкера ў выходныя?

Задумацца над гэтым прымушае выстава Сяргея Марозава.

 

Выстава будзе працаваць у “Крызе” з 26 красавіка да 2 траўня.

Адкрыццё – а 14-ай гадзіне 26 красавіка.

Уваход вольны.

 

Сяргей Banifacyj Марозаў – двойчы магістр гісторыі, выкладчык фотадысцыплін на кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы, вольны фотамастак.

Нарадзіўся 6 красавіка 1985 года ў г. Дрэздэн, Германія.

Захапіўся фатаграфіяй ў пачатку 2000-ых, сур’ёзна заняўся спасціжэннем фотасправы ў 2007 годзе. Менавіта тады трапіў у “Народны фотаклуб Гродна” і наладзіў першую персанальную фотавыставу. Штогод прымае ўдзел у розных фотаконкурсах і выставах. Меў шэраг персанальных выставаў у 2009 і 2012 гг.

Напрыканцы 2013 года стаў сябрам Беларускага Грамадскага Аб’яднання Фотамастацтва.

У снежні 2013 года выдаў зборнік афарызмаў па гісторыі “Часы истории бьют… всех”, праца над якім заняла 6 гадоў.

З 2012 года пачаў рэалізацыю Фотапраекта “Байкеры: маскі”, які ў той жа год быў прадстаўлены ў Горадні, Брэсце, Лідзе.

У 2013 годзе серыя атрымала працяг у праекце “Ад заходу да світання”. Сумесная выбарка з дзьвюх серый з 26 красавіка па 2 траўня 2014 года  і будзе прадстаўлена ў галерэі Крыга.