Надпісы на сцяне будынка як гісторыя Гародні
Вядома, што пазнакі на старонках старых кніг, альбо маргіналіі, даўно сталі прадметам вывучэння літаратуразнаўцаў ды аматараў антыкварнай літаратуры. Па іх можна прасачыць гісторыю ўладальнікаў фаліянта, ягоныя падарожжы з рук у рукі альбо норавы эпохі. А як наконт графіці на старых будынках?
Велічэзны будынак у гарадзенскім старым горадзе па адрасе Валковіча, 1 ад моманту сваёй пабудовы (1898-1902) паспеў пабываць і царскімі казармамі, і гарадскім шпіталем, і польскай публічнай школай імя каралевы Ядвігі, і беларускай школкай у той жа міжваенны час, і ўжо савецкай СШ №2… Двухпавярховы будынак-волат з жоўтай цэглы фасадамі выходзіць адразу на тры вуліцы. І яшчэ адзін штрых да партрэта: яго сцены ніколі не тынкаваліся…
Менавіта апошні момант і дазволіў захавацца насценным сведчанням, па якіх можна наўпрост чытаць гісторыю ХХ ст. Найбольш старыя графіці былі пакінутыя вайскоўцамі за часамі бытнасці тут казармаў і адначасна шпіталя. Надпісы “Былъ в карауле 31 Iюля…” альбо “Службы 1905 году до конца 282…” па стылістыцы цалкам нагадваюць аўтографы сённяшніх “срочнікаў” на сценах частак.
Надпіс, які пачынаецца з “101 п.п.п.”, наўрад ці можа звярнуць на сябе ўвагу, калі не ведаеш, што ідзецца пра 101-ы Пермскі пяхотны полк, які акурат кватараваў у Гародні за царом. На той жа перыяд прыпадае маса карацейшых і менш змястоўных аўтографаў, зазвычай з гадамі 1905, 1907, 1908… Не факт, што іх аўтары заўжды добра валодалі граматай нават для кароткага змястоўнага тэксту. Але нагадаць пра сябе ды скаратаць час у каравуле хацелася.
Графіці польскага часу, калі будынак ужо быў перададзены школе імя каралевы Ядвігі, адрозніваюцца і зместам і формай. Па-першае, усё ж такі большасць з іх вучні выводзілі па-польску, па-другое — клопаты і мроі мелі іншыя. Шмат імёнаў: Jozef, Witold, Piątkiewicz, часам з геаграфічнымі ўдакладненнямі: “z Wołkowysku”. Здараецца знайсці нават любоўныя пасланні: напрыклад, сэрца, а паабапал літары S. і M.
Некалькі расійскамоўных надпісаў, але, імаверна, не савецкага перыяду таксама звяртаюць на сябе ўвагу. “Здесь учился граф Уваров” альбо “здесь учился Апалон Иванович” вылучаюцца ўжо паслярэформеннай (савецкай) арфаграфіяй, аднак цалкам могуць належаць і расійскамоўным навучэнцам польскай школы. Своеасаблівую сімвалічную рысу пад міжваенным слоем падводзіць выведзеная хімічным алоўкам сумная дата – 1939.
На жаль, многія надпісы захаваліся не цалкам альбо патрабуюць дэтальнай расшыфроўкі, мажліва, нават каталагізацыі. Да ўсяго, надпісаў становіцца ўсё меней: сцены час-почас чысцяць пільныя камунальшчыкі альбо замалёўваюць навучэнцы аднаго з факультэтаў аграрнага ўніверсітэта…
У горадзе, па вялікім рахунку, засталося не так шмат будынкаў, якія захавалі на сабе такія сведчанні эпохі. Царскія казармы на занёманскім фарштаце, дзе захоўваліся нават хвалебныя графіці ў гонар лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., ужо знесеныя. Казармы на вуліцы Дзяржынскага, цяпер вайсковы шпіталь, пакуль захоўваюць выведзеныя хімічным алоўкам альбо выдрапаныя сведчанні стогадовай даўніны, але чыстка цэглы пяскаструем і там можа за адзін дзень “зняць праблему”.
Мяркую, што адзіным месцам у Беларусі, дзе драпінам на сценах будынкаў найноўшай эпохі нададзенае гістарычнае значэнне, з’яўляецца Берасцейская крэпасць (дарэчы, загадкавы надпіс на нашым будынку “повешен 22.VI.1941 г” усё ж наўрад ці варта ўспрымаць усур’ёз, хаця хто ведае). Але разам з тым геаграфія Беларусі не абмяжоўваецца адным горадам, а гісторыя — адной вайной. Ці змогуць нашыя нашчадкі не толькі аглядаць, але і “чытаць” у наўпростым сэнсе слова нашыя гарады — залежыць ад нас.
Фота Хрысціны Марчук