Пяты фестываль AD.NAK! спалучыць глабальнае і лакальнае

|

Каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская на стартавай прэс-канферэнцыі, што прайшла 22 красавіка ў Мінску, адзначыла, што гэты фестываль для арганізатараў будзе “суперадказным”. Ён будзе пэўным падсумаваннем тэндэнцый адносна ўжывання беларускай мовы ў сферы бізнесу і маркетынгу. Таксама пашырыцца праграма фестывалю, спіс намінацый, рыхтуецца адмысловая адукацыйная праграма.

Сёлета мы ўзмацняем трэнд па спалучэнні глабальнага і лакальнага, які атрымаў назву Glocal. І вельмі радасна асэнсоўваць, што ўсе гэтыя пяць гадоў мы знаходзіліся, па сутнасці, у гэтым трэндзе і ўцягвалі прадстаўнікоў прафесійнай супольнасці ў працэсы выкарыстання нацыянальнай адметнасці ў рэкламе і бізнесе”, — заўважыла Ніна.

 

Кіраўнік праекта Marketing.by і суарганізатар АD.NAK! Сяргей Скараход звярнуў увагу на новаўвядзенні. У прыватнасці, на гэтым фестывалі будуць дзве новыя намінацыі — “Маркетынгавая эфектыўнасць” і “Інавацыйныя рашэнні ў маркытынгу і рэкламе”. Акрамя таго, пройдуць пяць конкурсаў у фармаце двухдзённых воркшопаў, у межах якіх удзельнікі змогуць стварыць арыгінальны прадукт на зададзеную тэму. Напрыклад, беларусізаваць адзін з беларускіх брэндаў, якія пакуль не ў абвешчаным трэндзе (“Брэнд-перазагрузка”). Ці стварыць сацыяльную рэкламу. Працу пераможцы ў конкурсе “АD.NAK! супраць Drugs” па папярэдняй дамоўленасці гатовае ўхваліць Міністэрства гандлю Беларусі для размяшчэння на бігбордах і плакатах.

Яшчэ адзін конкурс завецца “Здзіві турыста” і ладзіцца разам з кампаніяй — вытворцам сувеніраў Universal Press. “Сувеніры з нацыянальным каларытам вырабляюць у асноўным рамеснікі, а мы хочам, каб яны вырабляліся прамыслова, таму і шукаем аўтараў, якія могуць прапанаваць сучасны дызайн-праект для нанясення яго на майкі, кубкі, торбы ды іншую сувенірную прадукцыю”, — кажа кіраўнік Universal Press Аляксандр Дзешкавец. Таксама будзе конкурс “Інфаграфуй гісторыю АD.NAK!”, дзе можна папрактыкавацца пад кіраўніцтвам дасведчаных адмыслоўцаў.

 

Агулам, удзельнікі конкурсу змогуць прадставіць журы свае прафесійныя ўменні ў стварэнні рэкламы самых розных фарматаў: білбордаў, постараў, інфаграфікі, аўдыёрэкламы, сувенірнай прадукцыі, а таксама айдэнтыкі брэндаў і марак. Не знікае і традыцыйная антыпрэмія “Каша сувораўская”, якая прысуджаецца самым недальнабачным рэкламістам.

 

У гэтым годзе генеральным партнёрам фестывалю выступіла кампанія velcom, дзякуючы чаму пераможцы конкурсаў у межах фестывалю атрымаюць каштоўныя прызы.

 

Начальнік аддзела кіравання брэндам кампаніі velcom Зміцер Курловіч разумее, што рэклама на сваёй мове прыносіць плён. “Нават па праглядах нашых іміджавых рэкламных ролікаў на Youtube відавочна, што больш цікавасці выклікаюць менавіта беларускамоўныя працы”, – кажа Зміцер. Цяпер velcom бярэцца за падтрымку ідэі беларусізацыі ўсур’ёз. Кампанія рыхтуецца абвясціць праз тыдзень новы праект, прысвечаны беларускай мове, і нават паступова перакладае свае промаматэрыялы на беларускую.

 

Сайт Пятага фестывалю АD.NAK! пачне працаваць з 30 красавіка. З гэтага часу і пачнецца прыём заяваў. Дэдлайн – 9 чэрвеня. Фінальная частка з уручэннем прызоў і багатай адукацыйнай праграмай пройдзе 27 чэрвеня ў Мінску.

 

Здымкі Аляксандра Ждановіча