У “Крызе” прэзентавалі паштоўкі з драўлянай гарадзенскай архітэктурай

Пра драўляную архітэктуру і праблемы яе захавання ў Гродне і Беларусі ў цэлым расказаў гісторык Андрэй Вашкевіч. Яго высновы былі несуцяшальныя – як цэласны ансамбль Новы свет хутка будзе цалкам страчаны. Ужо знесеныя, або будуць знесеныя бліжэйшым часам адметныя дамы, некаторыя сталіся авярамі пажараў, у іншых гаспадары выкідаюць старыя дзверы і вокны, пазбаўляючы будынкі характэрных рысаў, праз што яны сапраўды ператвараюцца ў бязвартасныя хібары.

Дабіцца ўнясення драўляных будынкаў у спіс гісторыка-культурнай спадчыны надзвычай складана – у Гродне да нядаўняга часу такі будынак быў толькі адзін – драўляны лямус кляштара брыгітак. Цяпер да яго павінны далучыцца некалькі будынкаў па вуліцы Мядовай. Уключаць у спіс адмаўляюць па прычыне таго, што каштоўныя будынкі сёння знаходзяцца ў кепскім або крытычным стане, але, па словах Андрэя Вашкевіча, гэта наогул не можа быць крытэрыем, бо гістарычны будынак каштоўны сам па сабе, незалежна ад стану.

Іншая праблема гэта тое, што будынкі, унесеныя ў спіс спадчыны, не апісаныя дакладна, разам з усёй сталяркай, гаўбцамі і г.д., таму часта яны страчваюць каштоўныя элементы – напрыклад, аўтэнтычныя дзверы знішчаюцца і замяняюцца метылічнымі, хаця пры жаданні дамафон можна ўбудаваць і ў даўнія драўляныя дзверы – станоўчыя прыклады ў горадзе ёсць.

У канцы прэзентацыі ініцыятарка выдання паштовак гісторык Таццяна Касатая паказала прысутным таксама новую мадэль-складанку створаную мінскім архітэктарам Андрэем Шулаевым. Мадэль гарадзенскай ратушы канца XVIII – першай паловы ХХ стст., па словах Таццяны, крыху прасцейшая для складання чым папярэдняя Фара Вітаўта. У ёй прысутнічаюць таксама дробныя элементы атачэння, такія як дрэвы, дарожка, аўтамабіль і нават крыжовы шлях, што ідзе паўз даўні гарадзенскі Рынак.

 

Паштоўкі былі выдадзены сумесна Варштатам Ідэй, сайтамі harodnia.com і “Твой стыль”. Аўтарка малюнкаў – гарадзенская мастачка Наталля Клімовіч.