Пяты выпуск “Універсітэту Залатога Веку” адбыўся ў Гродне (дадаліся фота)

|

У час урачыстай выпускной вечарыны, якая адбылася 24 красавіка, навучэнцы юбілейнага пятага набору зладзілі прэм’ерны паказ спектакля “Маленькі прынц”, спявалі на розных мовах, якім вучыліся ва УЗВ, дэманстравалі свае карціны і розныя вырабы, зробленыя ўласнымі рукамі.

Адметнасцю вечарыны стала прэзентацыя творчага праекту “Бабуліна сукенка”. Маладыя дзяўчаты і жанчыны зладзілі дэфіле ў сукенках, якія належылі бацькам сталых студэнтаў “Універсітэту Залатога Веку” (найстарэйшая з сукенак была пашытая аж у 1932 г.). 

 

Яшчэ адной разынкай вечарыны сталі ўсходнія танцы ў выкананні слухачоў і выкладчыкаў УЗВ.

 

Свята не сапсавала нават непрыемная гісторыя з пераносам месца правядзення мерапрыемства, якое здарылася за суткі да яго пачатку.

 

Сітуацыю каментуе Вітаўт Руднік, старшыня праўлення грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”, пры якім дзейнічае УЗВ:

 

“Чалавек, які прыняў рашэнне забараніць нам правядзенне імпрэзы ў месцы, пра якое мы заранёў паведамілі усіх нашых слухачоў, выкладчыкаў, партнёраў і гасцей, павінен разумець некалькі важных рэчаў.

 

Па-першае, ён фактычна плюнуў у твар сталым гарадзенцам: заслужаным настаўнікам і дактарам, дзеячам культуры і іншым людзям, якія наведваюць наш УЗВ каб не толькі навучыцца нечаму для сябе карыснаму, але і каб рабіць добрыя справы для жыхароў горада, не быць абузай для грамадства. Гэтыя людзі сваёй шматгадовай працай на карысць грамадства яўна не заслужылі такога да сябе стаўлення.

 

Па-другое, гэты чалавек прынізіў адміністрацыю прадпрыемства, якое вымушана было за суткі адмовіць нам у арэндзе памяшкання, прыдумаўшы гісторыю з “вучэннямі” і цяпер павінна будзе вярнуць ужо заплочаныя намі паўтары міліёны рублёў за арэнду.

 

Па-трэцяе, гэты чалавек нанёс сур’ёзны ўдар па рэпутацыі гарадзенскіх уладаў. У той час, як Беларусь справаздачыцца дзейнасцю нашага “Універсітэта Залатога Веку” пра выкананне краінай Мадрыдскага міжнароднага плана па пытаннях старэння грамадства, у той час, як на нашыя канферэнцыі ў Гродне прыязджаюць прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, нехта ў горадзе вось так подла прымае рашэнне пазбавіць сталых людзей публічнага месца для правядзення свайго ўрачыстага мерапрыемства.

 

Прыкра, што да гэтай пары яшчэ ёсць людзі, якія дзеляць людзей на “сваіх” і “чужых”. Наш горад гэта дакладна не ўпрыгожвае!”

 

Гарадзенскі “Універсітэт Залатога Веку” быў заснаваны ў красавіку 2010 г. пры грамадскім аб’яднанні “Цэнтр “Трэці сектар”. Яго мэтай з’яўляецца павышэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, сацыяльную і фізічную актывізацыю.

 

Больш падрабязны рэпартаж з вечарыны глядзіце ў хуткім часе.

 

Здымкі Людмілы Лебедзь