Пачынае працу новы відэапраект “Музыка гарадзенскiх вулiц”
Стваральнікі праекта любяць свой горад і якасную жывую музыку: бард-рок, джаз, аўтарскую песню, этніку – усе стылі добрыя, калі іх выконвае добры музыка. У відэароліках, якія здымаюцца ў розных месцах Гродна, сваю творчасць прадстаўляюць як мясцовыя музыкі, гэтак і госці горада, якія прыязджаюць да нас з канцэртамі.
Першыя два відэа знятыя з удзелам Цімафея Яравікова з магілёўскага гурта “Сердце дурака” і Валіміра О. з вілейскай групы “Планета Усіх”. Яны акурат давалі ў Гродне канцэрт 18 красавіка, а на наступны дзень зняліся ў дворыку “Крыгі”.
Праект мае ўласны сайт (на беларускай, рускай і англійскай мовах), канал на YouTube, старонкі ў Facebook і vk.com.
Яго стваральнікі: ідэйны натхняльнік і каардынатар Павел Салаўёў, аператар і мантажыст Андрэй Ломаў і рэдактар “Твайго стылю” Аляксей Шота. Дызайн адмыслова для праекта распрацаваў Ігар Адасік.