Hardworking day: дзень працы ў “Парламенце” (фота з канцэрта)
Распачаў выступ SHTOFF. Пакуль ен выступаў, людзей было малавата. Хлопцы адыгралі песні пра першакурсніц і студэнтаў, якія, дарэчы, маглі трапіць на канцэрт са зніжкай. Скачкі вакаліста і маніпуляцыі з гітарай нагадвалі Курта Кабэйна ў лепшыя гады яго гераінавай залежнасці. Як аказалася, хлопцы толькі што вярнуліся з вёскі, дзе праходзілі здымкі кліпа на песню “Хакей”. І на канцэрце яны ўсе ж такі сыгралі яе “ў 121-ы раз”. Гралі і нешта лірычнае, што звычайна ў пачатку слухачамі яшчэ ўспрымаецца.
На Shards Of Soul людзей стала больш. З’явіліся фанаты, якія звычайна і робяць усю атмасферу. Shards Of Soul сыграла замест гурта Metal Gues, які “па тэхнічных прычынах” не змог прыехаць. Адзіны гурт з жаночым вакалам на той дзень меў поспех. Многія выказвалі рэспект вакалісту-гітарысту Юрыю – арганізатару канцэрта.
Мінскі гурт TORTUGA здолеў па-сапраўднаму разгайдаць натоўп. Вакаліст скакаў у натоўп і паліваў усіх вадой так, што здымаючых брала трывога за тэхніку. Асаблівы запал выклікала ў слухачоў песня, якую яны перад і пасля ўсюды цытавалі – пра тое, што “сиськи правят миром”.
Гарадзенскія трэшары NEXT працягвалі справу. У перапынках паміж песнямі вакаліст чытаў вершы. Выступ можна ахарактарызаваць двума словамі: эмацыйнасць і лютасць. Гурт актыўна здымалі на камеру, а гледачы слэміліся.
Rabies O.D. выступалі апошнімі. Гурт з’явіўся ў 2009 годзе з былых удзельнікаў Pet Nihil, Inpeace, Black Market, Mind Prisoner. Граюць хлопцы brutal trash.