У Гродне выступіць джазавы дуэт Паўла і Алены Аракелянаў

|

Саксафаніст (а таксама флейтыст і клавішнік) Павел Аракелян – вядомы як лідар уласнага праекта “Павел Аракелян & The Outsiders”, а таксама як саксафаніст “Крамбамбулі”. Зараз выступае таксама дуэтам з Лявонам Вольскім, некалі граў у асноўным складзе самага вядомага джаз-гурта Беларусі Apple Tea. Цяпер Павел яшчэ і тэлевядучы – вядзе разам з Валярынай Куставай праграму “Фітнэс-Шмітнэс” на Белсаце.

Гурт Паўла Аракеляна на Grodno Jazz 2013

 

Брат і сястра аб’ядналіся ў дуэт у мінулым годзе. Дагэтуль Алена ўжо доўгі час пісала тэксты для мінскага гурта TaninJazz, і ў пэўны момант вырашыла сама заспяваць свае творы. Брат Павел дапамог з музыкай і аранжыроўкамі. Яны і раней супрацоўнічалі – Алена спявае ў “Аўтсайдэрах”.


Канцэрт адбудзецца ў другі дзень фестывалю “Твой стыль” – 17 мая. Пачатак – 18.30. Дадатковая інфармацыя пра канцэрт і месца яго правядзення будзе агучана падчас Фестывалю.

 

З.Ы. Так супала, што нашыя партнёры з асацыяцыі BelFilm знялі пра Аракеляна кароткі фільм. Раім паглядзець!