У лютэранскай кірсе ў Гродне скончылі мантаж аргана (фота)

Для наладкі аргана прыязджалі адмыслоўцы з Мінска. Усяго ў інструменце 1500 труб, кожную з якіх трэба было правільна наладзіць. Новы арган у кірсе – канцэртны, і ўжо зараз лютэране пачалі атрымліваць прапановы зладзіць канцэрт ад музыкаў з Расіі, Польшчы і Нямеччыны. Па словах пастара Уладзіміра Татарнікава, канцэрты ў кірсе маюць быць бясплатнымі для наведнікаў.

Ужо запланаваны выступ арганіста з Санкт-Пецярбурга ў суправаджэнні флейты – ён адбудзецца 17-18 ліпеня. На восень плануюцца канцэрты нямецкіх музыкаў, арганізаваныя сумесна з Інстытутам імя Гётэ, таксама вядуцца перамовы з Консульствам Польшчы аб запрашэнні польскіх арганістаў. Канцэрты будуць ладзіцца сумесна, бо абшчына не ў стане сама аплаціць выдаткі на арганізацыю канцэрта.

 

Самы першы канцэрт пройдзе ў дзень афіцыйнага адкрыцця аргана. 7 чэрвеня ў 15.00, пасля кароткай службы, на новым інструменце зайграе арганіст з Мінска Уладзімір Неўдах.