Куды схадзіць у Гродне ў выходныя 31 мая – 1 чэрвеня

|

Трохдзённае велападарожжа памяці Чэслава Немэна

Калі: 30 мая – 1 чэрвеня

Турыстычны клуб “Эскапада” з Беластока запрашае далучыцца да трохдзённага падарожжа памяці Чэслава Немэна “Czy mnie jeszcze pamiętasz?”. Роварнае падарожжа адбудзецца з 30 мая да 1 чэрвеня па маршруце: Беласток – Гродна -Васілішкі – Ліда, агулам каля 140 км.

Далучыцца можна ў любы момант. Падрабязная інфармацыя на сайце velogrodno.by

Дзе: на Гарадзешчыне

За колькі: за так

 

“Чалавек з мармуру” Анджэя Вайды

Калі: 30 мая, 18.30

Да 25 гадавіны першых часткова вольных парламенцкіх выбараў у Польшчы, у выніку якіх да ўлады прыйшла антыкамуністычная апазіцыя, Генеральнае консульства Польшчы ў Гродне ладзіць цыкл паказаў стужак Анджэя Вайды.

“Чалавек за мармуру”, разам з яго працягам – фільмам “Чалавек з жалеза”, гэта хіба самыя вядомыя працы Анджэя Вайды і адныя з найважнейшых у польскім кіно. “Чалавек з мармуру” гэта аповесць пра польскага стаханаўца 50-х гадоў і пра маладую журналістку, якая два дзясяткі год пазней спрабуе высветліць ягоны лёс.

Спіс усіх кінапаказаў, што ідуць з 28 мая да 3 чэрвеня, глядзі тут.

Дзе: Кіназала Генеральнага консульства РП у Гродне, вул. Будзёнага, 48а

За колькі: за так

 

Канцэрт гурта “Прощай, привычка”

Калі: 30 мая, 19.00

Канцэрт у пятніцу ўвечары гэта не толькі магчымасць паслухаць жывую музыку ад гурта, які раней называўся трошку інакш, але і зацаніць новае і яшчэ не апапсеўшае месца на гастранамічнай мапе горада.

Дзе: кафэ-клуб “Чэмпі”, вул. Антонава, 29 (новы будынак ля “Полькі”, насупраць “Зялёнага свету”)

За колькі: чэк-бар 50 000

 

Прэм’ера ў драмтэатры

Калі: 30 і 31 мая, 19.00

“Шынель” – трагікамедыю Юліяна Тувіма па матывах творчасці Гогаля – паставіў у Гродне рэжысёр з Беластока Пётр Дамброўскі. Першы раз гарадзенцы маглі пабачыць спектакль 15 мая, таму гэта ўсё яшчэ абсалютна свежая пастаноўка – must see для кожнага гарадзенскага тэатрала.

Дзе: Драмтэатр, вул. Маставая, 35

За колькі: 30 000 – 50 000

 

Прэзентацыя шостага нумара часопіса “LO_ok”

Калі: 30 мая, 19.30

Прэзентацыя пройдзе ў дзвюх частках. На першай можна будзе паслухаць пра тэму часопіса – урбаністыку, а таксама пра гарадскія супольнасці. Зайграе Іван Пачывалаў.

Другая частка пачнецца ў 22.00 у бары “Андэграўнд” і будзе ўяўляць сабой дзікія танцы да раніцы.

Дзе: першая частка – антыкафэ “Жывы час”, вул. Вялікая Траецкая, 48-1, другая частка – бар “Андэграўнд”, вул. Цітова, 9.

За колькі: у антыкафэ – за так, у бары – 40 000

 

Ноч кіно з Дэвідам Лінчам

Калі: 30 мая, 21.00

У антыкафэ можна будзе паглядзець восьмы поўнаметражны фільм Дэвіда Лінча “Простая гісторыя” (The Straight Story, 1999), які расказвае пра падарожжа праз Штаты на… газонакасілцы.

Дзе: антыкафэ “Жывы час”, вул. Вялікая Траецкая, 48-1

За колькі: па тарыфу антыкафэ 400 р/хв

 

Канцэрт гурта Navi

Калі: 31 мая, 19.00

У межах вясновага акустычнага туру гурт наведвае Брэст, Магілёў, Гомель, Гродна і нават Алматы. Гурт Арцёма Лук’яненкі і Ксеніі Жук з’явіўся ў мінулым годзе, у лютым 2014 выдаў першы альбом. Паслухаць кампазіцыі дуэта можна ў vk.com.

Дзе: антыкафэ “Жывы час”, вул. Вялікая Траецкая, 48-1

За колькі: 35 000, у дзень канцэрта 40 000

 

Прэзентацыя “Дапаможніка раварыста 2.0”

Калі: 1 чэрвеня, 12.00

“Дапаможнік” гэта памятка з карыснай інфармацыяй для раварыстаў, вытрымкамі з правіл дарожнага руху, правамі і абавязкамі раварыстаў, а таксама іншымі парадамі, як раварысту выжыць у горадзе.

Дзе: вул. Будзёнага, 48а, оф.56

За колькі: за так

 

Гістарычная вандроўка па вуліцы Элізы Ажэшкі

Калі: 1 чэрвеня, 12.00-15.00

Наведнікаў тэатралізаванага прадстаўлення чакаюць: вялікая экспазіцыя старых і сучасных здымкаў  вуліцы Ажэшкі, прадметаў  быту часоў пісьменніцы з фондаў бібліятэкі і прыватных калекцыянераў, каштоўных выданняў з фондаў, майстэрні рамеснікаў, майстар-класы народных умельцаў і старадаўніх танцаў, сустрэчы з героямі твораў Ажэшкі, зёлкавая гарбата ў чайнай “Herbata od pani Elizy”, марожанае ў былым кафэ “стекляшка” і нават магчымасць зрабіць здымак з пані Элізай.

Дзе: вул. Ажэшкі, 17

За колькі: за так