Выйшаў новы Arche, у якім шмат цікавага па гарадзенскай тэматыцы

Нумар цалкам прысвечаны разгляду сучаснага стану рэчаў, які склаўся ў Беларусі з аховай архітэктурных помнікаў, і спробаў, скіраваных на яго паляпшэнне. Акрамя Гародні разглядаюцца таксама Мінск, Берасце, Орша і шэраг меншых гарадоў. Гэтак, праблема кансервацыі і рэстаўрацыі старадаўніх замкаў разглядаецца на прыкладах Крэва, Любчы і Гальшан.

 

“У нумары два важныя матэрыялы, прысвечаныя Гародні: артыкул Валеры Руселіка “Гісторыя руйнавання аднаго места. Гістарычная прастора Горадні ў 2008—2013 гг.” з найгрунтоўнейшым аглядам бягучай сітуацыі з захаваннем гарадзенскай спадчыны, а таксама ўпершыню перакладзены на беларускую мову артыкул Яраслава Вайцяхоўскага – польскага кансерватара гарадзенскіх помнікаў, аўтара першага праекта рэстаўрацыі Старога замка. Агульны памер гэтых двух матэрыялаў – больш за 100 старонак”, – расказаў “Твайму стылю” рэдактар нумару Сцяпан Стурэйка. Гэта значная частка з агульнага аб’ёму – 572 старонак. Нумар, па словах рэдактара, рыхтаваўся два гады.

 

У нумары друкуюцца як маладыя аўтары, гэтак і ўжо добра вядомыя даследчыкі. Надзвычай цікавымі падаюцца тэксты, прысвечаныя афіцыйным беларускім “Дажынкам” і іх уплыву на трансфармацыю гарадоў. Поўны спіс аўтараў і тэкстаў можна знайсці тут. Уступнае слова рэдактара нумару таксама можна знайсці на сайце arche.by.