Суд над журналістам Андрэем Мялешкам працягнецца 11 чэрвеня

У суд на 11 чэрвеня запрошаныя супрацоўнікі міліцыі, якія распачалі супраць Мялешкі адміністратыўную справу, а таксама рэдактар партала 015.by, дзе працуе журналіст.

 

Падставай для адміністратыўнай справы супраць Мялешкі стаў артыкул, размешчаны на інтэрнэт-старонцы “Беларускага Радыё Рацыя” і прысвечаны акцыі “Здаровае сэрца”.

 

Паводле міліцыянтаў, рыхтуючы дадзены матэрыял, Андрэй Мялешка дзейнічаў без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі і парушаў артыкул 22.9 КаАП.

 

Гэта ўжо трэцяя падобная справа на Гродзеншчыне. 4 красавіка “за незаконны выраб прадукцыі СМІ” на 30 базавых велічынь быў аштрафаваны сябра ГА “БАЖ” Алесь Дзянісаў, а 27 мая – аўтар і вядоўца праграм “Людскія справы” ды “Рэпартаж Залеўскага” на тэлеканале “Белсат” Алесь Залеўскі.

 

На думку юрыстаў, улады Гродзеншчыны такім чынам вырашылі выпрабаваць на незалежных журналістах нядаўна ўведзены ў Адміністратыўны кодэкс рэпрэсіўны артыкул 22.9, які фактычна скасоўвае для многіх карэспандэнтаў гарантаванае Канстытуцыяй Беларусі права на свабодны збор і распаўсюд інфармацыі.