Узляцець вышэй зор: спроба першая

Карэспандэнт “Твайго стылю” пазнаёміўся з гуртом і паспрабаваў разабрацца, што ж уяўляе сабой гэты першы крок да заваявання рок-вяршыні і якой працай ён даўся. У выніку наш аўтар упэўнены, што каманда мае нямала “разынак”, якія вылучаюць яе з шэрагу такіх жа падаючых надзеі пачаткоўцаў.

 

Сёння гурт складаецца з чатырох удзельнікаў: Дзмітрый Жук – гітара/вакал , Яўген Лапука – гітара, Мікалай Скрабец – бас-гітара, а таксама звяно, якое з першага погляду  робіць гурт “не такім як усе” – Анастасія Бенаш, якая адказвае за адну з самых складаных частак – барабанныя рытмы.

У прэс-рэлізе да максі-сінгла музыкі выразна пазначылі адзін з ключавых аспектаў сваёй творчасці. “Гурт не займаецца палітыкай, гурт грае 100% беларускую музыку ў розных накірунках” – гэтыя словы павінны адразу ж адбіць касыя позіркі занадта палітызаваных слухачоў. А адмыслова для ганяючыхся за выяўленнем плагіяту дададзена, што аўтарам выявы на вокладцы з’яўляецца шведскі фатограф-ілюзіяніст Эрык Ёхансан.

 

У максі-сінгл увайшлі тры кампазіцыі: “Хлусня”, “Мой лёс” і “Попел”. На падыходзе і чацвёртая, якая не трапіла ў альбом толькі з-за выпадковасці. Але яе затрымліваць не плануецца – песня з’явіцца ўжо на стыку чэрвеня і ліпеня.

Карэспандэнт “Твайго стылю” сустрэўся з рытм-секцыяй гурта – бас-гітарыстам Мікалаем Скрабцом і бубначкай Анастасіяй Бенаш. Музыкі ў жывой гутарцы распавялі пра тое , як пачынаўся шлях рок-каманды, чым яна зараз жыве, што адчуваюць удзельнікі з нагоды выхаду сінгла, а таксама распавялі пра планы на бліжэйшы час.

 

“Ты сёння не той , што быў учора…”

 

Першыя спробы стварыць гурт былі яшчэ ў 2010, аднак менавіта ў тым складзе, які ёсць зараз, каманда існуе з сакавіка 2013. “Максі-сінгл быў выпушчаны акурат да году існавання гурта. Запіс пачаўся яшчэ ў пачатку вясны, але толькі зараз усё адбылося для таго, каб максі-сінгл ўбачыў свет” – кажа Мікалай.

“Спробы сабраць годную банду пачаліся з 2010. Поспехаў яны не прыносілі, бо патэнцыйныя ўдзельнікі не падыходзілі пад вызначаныя творчыя напрамкі і ў гурце доўга не затрымоўваліся. Па-сапраўднаму гурт утварыўся мінулай вясной, калі я прапанаваў свайму сябру Яўгену Лапуку ўвайсці ў склад “СДС: Вышэй за зоры!”. Ён тады граў у іншай камандзе, таму ўдзел у маёй “бандзе” стаў прапановай музычнай разнастайнасці”.

 

Пасядзеўшы некалькі разоў за камп’ютарам і склаўшы пару задуманых песен, Мікалай з Жэням вырашылі выкласці на гарадзенскім форуме аб’яву пра пошук вакаліста. Так да каманды далучыўся Дзмітрый Жук.

“Наконт кандыдатуры Насты мы думалі доўга. Неяк не ўкладалася ў галаву, што дзяўчына зможа і будзе з намі граць беларускамоўную альтэрнатыўную музыку. Але ўсё ж вырашылі прапанаваць, Наста пагадзілася і з таго часу з’яўляецца нашай нязменнай “драмершай”.

 

Так і з’явіўся гурт “СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!”, назва якога, дарэчы, стала такой доўгай усяго некалькі месяцаў таму. Раней была проста абрэвіятура “СДС”. З гэтай нагоды “Тузін Гітоў” нават пажартаваў, што ў гарадзенскага гурта, мабыць, самая даўгая назва ў беларускай музыцы.

 

“Гэта мой лёс , і я буду так жыць … І ніхто не зможа яго разбурыць”

 

Пераацаніць значэнне выхаду максі-сінгла немагчыма. Для кожнага гурта, які імкнецца да поспеху, тая самая “першая спроба” становіцца сапраўды грандыёзнай падзеяй. Першыя песні, якія выйшлі за межы рэпетыцыйных кропак – гэта як першыя дзеці. Першы плён патрабуе ўкласці шмат сіл і часу.

“Якія эмоцыі адчуваем ад выхаду максі-сінгла? Вядома ж, уздыхнулі з палёгкай. Праведзена велізарная праца, і зараз можна сказаць – мы гэта зрабілі! У максі-сінгл трапілі далёка не ўсе нашыя песні. Многія з іх мы зберагаем для паступовага выхаду. Акрамя таго, на бліжэйшы час запланаваны запіс сумеснай песні з вядомым рок-гуртом, імя якога мы пакуль не будзем раскрываць”, – ледзь не хорам кажуць Наста з Мікалаем.

На дадзены момант у актыве гурта каля дзесяці канцэртаў. Апошні з іх адбыўся ў адроджаным гарадзенскім клубе “Парламент” і сабраў, дарэчы, самую вялікую аўдыторыю сярод усіх канцэртаў, якія за апошнія пару месяцаў прайшлі ў новым “Парламенце”. Шмат у чым дзякуючы выступу “СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!”, гэтае мерапрыемства сабрала шмат станоўчых водгукаў. “Дзякуй вялікі! Вы лепшыя!” – дзякавалі калектыву ў сацыяльных сетках. Дарэчы, у гурта маецца яшчэ адна разыначка – кавер на песню Джорджа Майкла “Careless Whisper” ў перакладзе на беларускую мову!


“Мы граем цалкам беларускамоўную музыку, і нават калі трапім на сцэну за межы Беларусі, змяняць выбранаму курсу не збіраемся. Агулам наш напрамак – альтэрнатыўны метал з прымешкамі “рэпкорнага” рэчытатыву”.

 

Сапраўды, максі-сінгл з першых хвілін праслухоўвання б’е, перш за ўсё, моцным гучаннем. Гук быццам урываецца ў вушы, акутваючы не толькі моцнымі гітарнымі рыфамі, але і тэкстамі, якія прымушаюць задумацца. Асэнсаванасць лірыкі, аб’ёмны гук, выразная меладычнасць, а таксама родная мова робяць гурт “СпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!” перспектыўным і шматабяцальным, ужо цяпер гатовым вырасці са “штонікаў” роднага Гродна.

 

“Мы чакаем крытыкі. Але крытыкі з рацыянальнымі зернямі , бо гэта наш дэбют, а ў такіх выпадках любое меркаванне, любая парада, за якімі стаіць жаданне дапамагчы гурту, будуць прынятыя выключна з радасцю” – кажа Мікалай.

 

Дарэчы, рэліз гурта быў апублікаваны ў адной з найбольш наведваемых тэматычных супольнасцяў ВК “TOP -101 АЙЧЫННАЙ АЛЬТЭРНАТЫВЫ”. А туды трапляюць далёка не ўсе маладыя каманды. Таксама з сінглам пазнаёміліся чытачы аўтарытэтных беларускіх парталаў ultra-music.com і tuzin.fm.

 

“Толькі вочы ў неба, і навушнікі ў вушы”

 

Прадказваць будучыню – справа складаная і няўдзячная. На дадзены момант гурт, пасля таго, як выехаў са старой рэпетыцыйнай кропкі, заняты будаўніцтвам новага, а галоўнае ўласнага прытулку (на фота ніжэй). У арсенале каманды, акрамя прадстаўленых у інтэрнэце песен, ёсць кампазіцый, якія ўжо гучаць на канцэртах, але яшчэ чакаюць прафесійнай дапрацоўкі для выпуску паўнавартаснага альбому, ёсць і праекты-замалёўкі, ёсць несуцішнае імкненне да поспеху і шмат ідэй на будучыню. “Мы будзем ісці толькі наперад!” – упэўнена заяўляюць прадстаўнікі гурта.

“У планах выступы як у родным горадзе, так і ў іншых гарадах краіны. У самым аптымальным выглядзе нашы мэты павінны выліцца ў тур па Беларусі. Ну а як там будзе – час пакажа. Мы адкрытыя для прапаноў у любы час дня і ночы”.

 

Інакш ніяк, бо стаяць на месцы не любіць ні адзін з чатырох удзельнікаў калектыву. Аўтар, як чалавек, які знаёмы з творчымі пошукамі каманды практычна з моманту яе нараджэння, з поўнай адказнасцю сцвярджае – узровень творчага патэнцыялу гурта зашкальвае. А тыя, хто шукае і знаходзіць сэнс там, дзе іншыя яго не бачаць, пракладуць сабе дарогу да поспеху ў любым выпадку – раней ці пазней.