На даху гарадзенскага чыгуначнага вакзала выступілі “залатыя чалавечкі”

Дзяўчынкі з 3D, якія яшчэ тыдзень таму, вельмі сціпла апранутыя, спявалі “прывязанымі” да чыгуначных шляхоў, гэтым разам забраліся на дах вакзала і радыкальна змянілі імідж. Пінжакі, гальштукі, парыкі і бакенбарды мелі зрабіць іх падобнымі да The Beatles, хаця, калі загадзя не ведаць сюжэту акцыі, дык гэтага можна было і не зразумець. Уся справа ў тым, што менавіта The Beatles упершыню зладзілі так званы rooftop-канцэрт.

 

Гурт 3D выканаў свае дзве песні: “Сердцебиение” і “Девочка-нимфеточка” – апошнюю павінны памятаць відавочцы антынаркатычнай акцыі на рэйках. У працэсе выканання з белага пакету, пад дымавыя спецэфекты, з’явіліся два чалавекі ў залатых касцюмах і берцах гарадзенскай абутковай фабрыкі – яны дапамаглі вакалісткам, “граючы” на гітары і клавішах.

 

Цікава, што залатыя касцюмы “іншапланетнікаў” – такія ж, як ва ўдзельнікаў знакамітай акцыі N.R.M. “Прамень сонца”. Гарадзенцы такі касцюм маглі пабачыць раней хіба што толькі ў часе першага паэтычнага слэму (глядзі фота ніжэй).