Міжнародны фестываль дакументальнага кіно DOCU DAYS UA пройдзе ў Гродне

|

Гісторыя DOCU DAYS UA налічвае 10 год. З 2006 году фестываль – чалец Сеткі фестывалей пра правы чалавека Human Rights Film Network (HRFN). Традыцыйна DOCU DAYS UA адбываецца ў апошні тыдзень сакавіка ў кіеўскім Доме кіно. Пасля фільмы фестывалю вандруюць па іншых гарадах Украіны.

 

Упершыню дакументальнае кіно DOCU DAYS UA прыедзе ў Гродна. Усе паказы пройдуць у кіназале Генеральнага консульства Польшчы. Уваход на ўсе фільмы свабодны.

 

Праграма фестывалю

 

10 чэрвеня

18.30 – “Цвярдыня”

Клара Тасоўская, Лукаш Кокаш

2012, Чэхія, 70′

 

Уявіце сабе месца, дзе час быццам бы спыніўся і жыццё застыла ў вечным падабенстве Савецкага Саюза. Людзі тут неяк звыкліся з панаваннем тайнай паліцыі і зжыліся са страхам, што за імі заўжды сочаць. Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка. Прапаганда рэжыму прэзідэнта Ігара Смірнова ў савецкім стылі пераўтварыла большасць жыхароў рэспублікі ў простых рабочых. Смірноў кіруе гэтай неіснуючай краінай ужо больш за 20 год. Фільм звяртае ўвагу на некалькі характэрных рыс гэтай геапалітычнай прорвы паміж Еўрапейскім Саюзам і Расіяй, паміж мінулым і будучыняй, злачыннасцю і дабрадзейнасцю, заняпадам і надзеяй на будучыню. Дзеянне фільма разгортваецца пад час прэзідэнцкіх выбараў. Рэжысёры аналізуюць “неіснуючую дзяржаву” і правілы жыцця ў ёй.

 

20.00 – “Апошні лімузін”

Дар’я Хлёсткіна

2014, Расія, 73’

 

Міхаіл, Андрэй, Ніна, Уладзімір, Надзея і Людміла – пяцёра працаўнікоў калісьці магутнага аўтамабільнага завода ЗІЛ. Яны займалі розныя пасады – ад начальнікаў ды інжынераў да майстроў і рознарабочых – і з болем успрымаюць заняпад прадпрыемства, намагаючыся выстаяць дзякуючы свайму прафесіяналізму ва ўмовах, калі ўсё навокал нішчыцца. Раптоўна завод атрымлівае замову на выраб трох легендарных лімузінаў ручной зборкі. Гэтыя аўтамабілі калісьці былі адным з галоўных сімвалаў вайсковых парадаў арміі Савецкага Саюза на Чырвонай плошчы ў Маскве. Міхаіл разам са сваёй камандай спецыялістаў з энтузіязмам бярэцца за справу і радуецца магчымасці паказаць, чаго яны вартыя…

 

11 чэрвеня

18.00 – “Капітан і яго пірат”

Эндзі Вольф

2012, Бельгія, Нямеччына, 84’

 

Кшыштаф Кацюк, капітан грузавога судна Hansa Stavanger, цягам чатырох месяцаў у 2009 годзе быў закладнікам самалійскіх піратаў. Рэжысёр Эндзі Вольф суправаджае капітана пад час курса псіхатэрапіі, накіраванага на прымірэнне з перажытым, пачуццём паразы і папрокамі вызваленых чальцоў каманды за тое, што ён супрацоўнічаў з піратамі. Агада, капітан пірацкага судна, не патрабуе псіхатэрапіі. Ён атрымаў амаль трохмільённы выкуп і не страціў павагі сваіх паплечнікаў, ягоны шматгадовы досвед жыцця на вайне пазбаўляе якіх-кольвек маральных дылем, што паўстаюць перад ім, а ягоны розум халодны з-за жавання лісця кату. Парадокс, але гэтых двух мужчын аб’ядноўвае ўзаемапавага, народжаная пад час выкрадання. Фільм знаёміць нас з двума супрацьлеглымі сусветамі, дае ўнікальныя сведчанні асноўных удзельнікаў падзей і выкрывае малавядомыя таямніцы міжнароднага гандлю.

 

19.40 – “Палымяныя галасы”

Ноа Левін

2012, Ізраіль, 14’

 

17-гадовы Срулік – ізраільцянін эфіопскага паходжання, выкінуты сістэмай адукацыі. Ён працуе прыбіральшчыкам і піша песні – марыць стаць вядомым рэперам. Тэксты песняў ягонага гурта “Палымяныя галасы” – гэта гісторыі пра моладзь з Шапіры, мікрараёну ў невялікім мястэчку Гадэра, аповяды пра іх жыццё і мары. Калі эфіопы пачынаюць выступаць супраць пашырэння расізму, Срулік пераўтварае свае пачуцці ў словы песні і становіцца голасам пратэсту.

 

20.15 – “Зняволеныя”

Ліат Мер

2013, Ізраіль, 56’

 

Падзеі фільма адбываюцца ў жаночай турме “Нэвэ Цірца”, якая знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Ізраіля. Вачыма трох гераінь – жыдоўкі, мусульманкі і хрысціянкі – гледачы назіраюць двухгадовую гісторыю адносін сукамерніц, а таксама стасункі жанчын і турэмнай аховы. У межах маленькіх камер даследуецца этнічная адметнасць. Гэтыя жанчыны адгароджаны і закрыты ад грамадства і ад саміх сябе. Моцныя і адначасова ўразлівыя адносіны паміж зняволенымі і персаналам турмы, а таксама стасункі вязняў паміж сабой перапоўненыя ўзаемным недаверам і разам з тым ўзаемапавагаю.

 

Падрабязная інфармацыя на афіцыйнай старонцы www.docudays.org.ua і па тэлефоне: +37529 7843221