Гарадзенцы хочуць вярнуць тэлеканал “Польсат”
Пасля пераходу летась польскага тэлебачання на лічбавы фармат, аналагавая перадача сігналу была перапынена польскім бокам. Такім чынам перарвалася 50-гадовая традыцыя для гарадзенцаў беcперашкодна глядзець польскія каналы.
Расказвае грамадскі актывіст Веслаў Кеўляк:
– Мы напісалі ліст у “Гарант” – гэта кабельны аператар у Гародні, з просьбай растлумачыць, чаму ў нас няма польскага тэлеканалу, і якія ёсць перспектывы, каб узнавіць трансляцыю. З “Гаранту” мы атрымалі адказ, з якога вынікае, што для таго, каб замежны тэлеканал мог транслявацца ў Рэспубліцы Беларусь, павінна быць згода з Міністэрства сувязі, і павінна быць падпісана ўмова з адным з польскіх тэлеканалаў.
На словах кіраўніцтва канала “Польсат” згоднае на тое, каб па канальным тэлебачанні на Гарадзеншчыне трансляваліся яго праграмы, але на справе з беларускім бокам так і не падпісала неабходных пагадненняў.
Цяпер актывісты за вяртанне канала “Польсат” ў кабельную сетку звярнуліся да генеральнага консула Польшчы ў Гародні з просьбай дапамагчы развязаць праблему з затрымкай з польскага боку.