Гарадзенцы ствараюць каверы на “Радыё Свабода”: версіі да Пятра Клюева, Feel The Same і гурта “Здань” (аўдыё)
На конкурс, арганізаваны “Радыё Свабода”, парталам tuzin.fm, Арт-Сядзібай і суполкай “Мая краіна – Беларусь”, прыйшло 13 кавераў ад беларускіх гуртоў і выканаўцаў: ад інструментальных версій да самастойных твораў па матывах. Тры ўласныя варыянты прыслалі выканаўцы з Гродна.
Пётр Клюеў – гарадзенскі музыка, які апошнія некалькі год жыве і працуе ў Мінску, плённа спалучаючы музычную і прадпрымальніцкую дзейнасць. Ён ніколі не быў аматарам беларускага року, але сябруе з Радыё Свабода, таму вырашыў зрабіць кавер на электрапіяніна. Музыка паабяцаў, што будзе таксама версія аранжыроўкі з гуртом City Jazz-квартэт.
Feel The Same – малады, але ўжо дастаткова вядомы гарадзенскі гурт, які дае канцэрты ў Моладзевым цэнтры і ўдзельнічае ў фестывалях. Хлопцы стварылі найбольш рокавую кавер-версію.
Лідар гурта “Здань” Уладзімір Крумін запісаў свой кавер самастойна, бо, па яго словах, музыкі з гурта працуюць у розных іншых праектах. Яго інтэрпрэтацыя хіта Ulis дастаткова арыгінальная.